Помнік Барадуліну ўсталявалі верталётам
Помнік на магілу Рыгору Барадуліна ўсталявалі з дапамогай авіяцыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Валун вагой 2,5 тоны, узяты з вёскі Кублічы – радзімы паэта, – даставіў верталёт Мі-8.
Усталяваць помнік іншым чынам было немагчыма, паколькі Рыгор Барадулін пахаваны ўсярэдзіне могілак. Блогер Глеб Лабадзенка, які ўдзельнічаў у кампаніі па ўшанаванні паэта, кажа, што “апошняя воля дзядзькі Рыгора выкананая”.
Глеб Лабадзенка:
– У 2005 годзе дзядзька Рыгор напісаў верш, дзе ёсць такія радкі:
“Калі я адыду, пастаўце мне Сівы валун і крыж на валуне”.
Трошкі пазней, калі даследчык Сяргей Шапран рыхтаваў кнігу гутарак з дзядзькам Рыгорам, ён задаў яму пытанне наконт гэтага верша: “Ці вы хочаце, каб сапраўды валун быў на вашай магіле?”. І ў Сяргея захаваўся адказ на дыктафоне, дзе Барадулін гаворыць: “Я не хачу ніякіх пафасных помнікаў, бо гэта ўсё савецкая завядзёнка. Пастаўце мне просты вушацкі валун і каб на ім быў крыж”.
Помнік уяўляе сабой вялізны валун, на якім высечаны крыж з надпісам: “Рыгор Барадулін. Сын. 1935 – 2014”. Аўтар помніка – скульптар Ігар Засімовіч.
Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з Фэйсбука Глеба Лабадзенкі