Помнік Касцюшку ў Мерачоўшчыне плануюць усталяваць у пачатку сакавіка



Помнік Тадэвушу Касцюшку плануюць усталяваць у пачатку сакавіка на яго малой радзіме ва ўрочышчы Мерачоўшчына (Берасцейская вобласць), на тэрыторыі мемарыяльнага музея-сядзібы нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША, паведаміў БелаПАН адзін з ініцыятараў усталявання помніка журналіст і грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка.

„З нашага боку ўсё гатова, — сказаў ён. — Помнік дастаўлены ў Мінск з Украіны. Цяпер яго аўтар, скульптар Генік Лойка, дашліфоўвае і паліруе яго, дарабляе апошнія штрыхі. Пастамент нам зрабіла фірма „Гранітны свет” з Заслаўя. Я быў на вытворчасці, бачыў яго — пастамент раскошны, вельмі прыгожы. З гэтай фірмай я пазнаёміўся мінулым летам, калі мы збіралі грошы на ўстаноўку помнікаў на магілах бацькоў і сястры Васіля Быкава. Гэтая фірма сама на мяне выйшла, за свае грошы яны вырабілі і ўсталявалі тры гранітныя помнікі. А у гэты раз яны пагадзіліся вырабіць пастамент для помніка Касцюшкі, які каштуе 8 тысяч долараў, за 3 тысячы — больш у нас проста няма. З іх боку гэта каласальны ўклад”.

„Мы нарэшце дачакаліся дазволу на закладку падмурка для помніка. Зараз мы арыентуемся на надвор’е, паколькі для таго, каб зрабіць падмурак і сабраць на гэтым месцы пастамент, павінна быць плюсавая тэмпература ці хаця б 0°С. Як вынікае з прагнозу надвор’я, у бліжэйшыя тыдні ў нас будзе магчымасць папрацаваць, і ў першыя, максімум у другія выходныя сакавіка адкрыццё помніка павінна адбыцца”, — дадаў Лабадзенка.

Грошы на помнік Касцюшку збіралі на краўдфандынгавай платформе talaka.by. Праект прыцягнуў больш за 22 тыс. рублёў з 17,5 тыс. неабходных.

У канцы студзеня Івацэвіцкі райвыканкам, заручыўшыся падтрымкай Міністэрства культуры і Брэсцкага аблвыканкама, выдаў дазвол на ўстаноўку помніка на тэрыторыі музея-сядзібы Касцюшкі ў Мерачоўшчыне.

21 кастрычніка мінулага года помнік Тадэвушу Касцюшку з’явіўся ў швейцарскім горадзе Золатурн, дзе памёр і быў пахаваны нацыянальны герой. Грошы на манумент сабралі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Швейцарыі.

Меркавалася, што на шыльдзе пры помніку будзе размешчаны надпіс на беларускай і нямецкай мовах: „Выдатнаму сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў”. Аднак польскае пасольства ў Швейцарыі запатрабавала прыбраць згадку пра Беларусь, заявіўшы, што ў адваротным выпадку афіцыйная польская дэлегацыя не прыедзе на адкрыццё помніка. Пасля гэтага на таблічцы пакінулі толькі згадку пра тое, што помнік усталяваны Асацыяцыяй беларусаў Швейцарыі ў 2017 годзе. Канфлікт вырашыўся пасля ўмяшання часовага паверанага ў справах Беларусі Паўла Мацукевіча.

belapan.com