Помнік Васільку замест Чапаева?
У папулярнай гарадзенскай суполцы Вконтакте паказалі, як на месцы савецкага помніка Чапаеву, мог бы выглядаць помнік беларускаму паэту Міхасю Васільку, у гонар якога названая вуліца.
Міхась Васілёк нарадзіўся пад Гародняй у 1905 годзе. Гэты будучы выдатны беларускі паэт у міжваенны час быў арганізатарам гурткоў Таварыства беларускай школы, чальцом Беларускай сялянска-работніцкай грамады, а пазней стаў ветэранам Другой сусветнай вайны (ваяваў у польскім войску і партызанцы). Яго паэзія была прысвечана цяжкаму лёсу беларускай нацыі ў XX стагоддзі. Калі Васілёк памёр, яго праводзілі дзясяткі тысяч гарадзенцаў.
У 1995 годзе былую вуліцу Чапаева перайменавалі ў гонар Міхася Васілька. Цікава, што да саветаў вуліца насіла назву Пясчаная, якая і была першапачатковай.
Варта нагадаць, што Чапаеў ніколі не быў ні ў Гародні, ні ў Беларусі, а бюст трапіў у горад выпадкова: за саветамі яго перадалі „ў нагрузку” разам з будаўнічымі матэрыяламі з УССР.