Помніка Льву Сапегу ў Слоніме не будзе



Сёлета, 5 лютага, у Слоніме, падчас адкрыцця года культуры, старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі паабяцаў, што ў 2016 годзе намаганнямі ўсіх слонімцаў і кіраўніцтва раёна павінен быць адкрыты помнік былому слонімскаму старосце, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу (1557-1633).

Але помніка Льву Сапегу ў Слоніме не будзе. Пра гэта нашаму карэспандэнту паведамілі  ў Слонімскім райвыканкаме. Не будзе помнік устаноўлены ні сёлета, ні ў 2017 годзе, бо няма грошай.

Нагадаем, што помнік Льву Сапегу ў Слоніме мяркуюць ужо паставіць больш за 15 гадоў. І праект помніка ёсць, але няма грошай на сам помнік, які пагадзіўся зрабіць Народны мастак Беларусі Іван Міско, які родам са Слонімшчыны. Не будзе помніка Льву Сапегу ў Слоніме і ў бліжэйшыя гады.

А пры Льву Сапегу Слонім стаў культурным, прамысловым і палітычным месцам. Побач з замкам на беразе Шчары канцлер Сапега ўзвёў мураваны палац, дзе са студзеня 1597 года праходзілі генеральныя сеймікі Вялікага княства Літоўскага. У слонімскім замку знаходзілася і добрая бібліятэка, архіў, творы мастацтва. Леў Сапега добраўпарадкаваў у Слоніме вуліцы, масты, дарогі, пабудаваў шмат аўстэрый. Ён адкрыў новыя кірмашы, прамысловыя мануфактуры, будаваў адміністратыўныя і гаспадарчыя будынкі.

695714197e30a36e10a4d9c7bfdc15e80ccdef1f905c253085pimgpsh_fullsize_distr

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім