Поўны відэазапіс і фотарэпартаж з “Басовішча-2016” (абноўлена)
“Басовішча-2016” ужо за намі. Чакаем наступных „Бас-аў” і ўспамінаем цудоўную атмасферу ў Барыку, дзе цягам двух дзён сустракаліся з сябрамі і проста добра гулялі пад выдатную музыку. Давайце яшчэ раз перанясемся думкамі ў Гарадок. Прапануем тым, хто быў, і тым, хто не змог прыехаць, паглядзець адзіны поўны відэазапіс двух дзён “Басовішча-2016”.
А для ўсіх, хто бачыў “Басовішча” на відэа, прапануем паглядзець фотарэпартаж з мерапрыемства. Можа, вас і вашых знаёмых сфатаграфаваў наш аб’ектыў:) «Басовішча-2016». Першы дзень (фотарэпартаж)
«Басовішча-2016». Другі дзень (фотарэпартаж)
* * * * * *
22-23 ліпеня на сцэне Барык каля Гарадка на Падляшшы 27 раз праходзіць Фестываль Музыкі Маладой Беларусі „Басовішча”.
Прамая трансляцыя з мерапрыемства на хвалях ФМ толькі на Беларускім Радыё Рацыя. Сёлета ўпершыню з фестывалю „Басовішча” вядзецца жывая відэатрансляцыя, якую можна будзе паглядзець толькі на нашым сайце.
У пятніцу, 22 ліпеня, трансляцыя пачнецца а 17:30 паводле беларускага часу, у суботу, 23 ліпеня, трансляцыя фестывалю працягнецца ад 19:05 (беларускага часу) да выступу апошняга гурту. З месца падзей сочаць за хадой фестывалю “Басовішча” ў жывым эфіры нашыя журналісты – Яна Запольская і Улад Грынеўскі (у пятніцу), Мілана Вераснёва і Віктар Сямашка (у суботу).
* * *
22.07 ПЯТНІЦА
- 16:30-19:00 Конкурс маладых гуртоў
- 19:00-20:00 Гогодзи Ганскі
- 20:00-21:00 Ilo & Friends
- 21:00-22:00 Наві
- 22:00-23:00 Re1ikt
- 23:00-00:30 Крамбамбуля
- 00:30-01:10 Hańba!
- 01:10-01:50 Дзецюкі
- 01:50-02:30 Hańbuki
- 02:30-06:00 DJ Wiata: Ludwik Zamenhof
23.07 СУБОТА
- 11:00 Беларуская анімацыя (WОР)
- 12:00 Спартыўныя спаборніцтвы (WОР):
- 13:30 Лёт над уяўленнем (сцэна ля водасховішча)
- 15:45 Тэатр Czrevo «Ксэня» (Гмінны цэнтр культуры)
- 17:00 Фільм «Басовішча» (WOP)
- 18:00-18:30 Лаўрэат Конкурсу маладых гуртоў
- 18:30-19:30 :Б:Н:
- 19:30-20:30 Tonqixod
- 20:30-22:00 Jazzombie
- 22:00-23:00 Erik & the Worldly Savages
- 23:00-00:00 Zero – 85
- 00:00-01:30 Брутто
- 01:30-02:30 Znich
* * *
Ва ўрочышчы Барык, што ў Гарадку побач з польска-беларускай мяжой, ідуць апошнія прыгатаванні да Фестывалю музыкі маладой Беларусі „Басовішча-2016”. Расказвае адная з арганізатараў „Басовішча” Ганна Пякарская:
– Амаль усе гурты, якія сёння выступаюць, ужо даехалі да нас. Пакуль няма ўкраінцаў. Ужо пачаліся рэпетыцыі. З кожнай хвілінай набліжаецца пачатак “Басовішча-2016”.
Толькі некалькі гадзінаў засталося да “Басовішча-2016”. Традыцыйна “Басовішча” стартуе конкурсам маладых беларускіх гуртоў, кажа адна з арганізатараў Дар’я Вапа:
– Конкурс пачнецца ў 16.30. Выступіць пяць беларускіх гуртоў. Вынікі конкурсу, як заўсёды, агучаць у суботу. Тады ж будзе і канцэрт лаўрэатаў.
Пасля конкурснай часткі на сцэну ў Барыку выйдзе ўкраінскі гурт „Gogo Dzyganski”, у якім граюць музыкі з іншага вядомага гарадоцкай публіцы гурта „Пэркалаба”. Выступяць таксама “Іло энд Фрэндс”, “Наві”, Рэлікт”, “Крамбамбуля”, польскі гурт “Ганьба” і гарадзенскія “Дзецюкі”. На завяршэнне зайграюць “Ганьбюкі” – кааператыў музыкаў гуртоў “Ганьба” і “Дзецюкі”.
* * *
Фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча-2016” стартуе ўжо заўтра. З аўторка група маладых людзей з Беларускага аб’яднання студэнтаў рыхтуе фестывальную пляцоўку.
Актывісты ў Барыку будуюць зону гульняў – гэтак званае “БАСмежжа”, агароджваюць намётавае мястэчка ды ўпрыгожваюць сцэну.
Расказвае Дар’я Вапа:
– Сцэна ўжо амаль гатова, яе зрабілі нават хутчэй, чым у мінулыя гады. Ужо ўсталявалі туалеты і душы. Апошняе, што засталося, гэта “БАСмежжа” – тэрыторыя, дзе можна будзе адпачыць ад канцэрта, тут будзе знаходзіцца кухня і вегакухня – адмыслова для вегетарыянцаў.
Зона “БАСмежжа” і палатачнае мястэчка будуць працаваць з самай раніцы. На сцэне сёлетняга “Басовішча” выступяць між іншым „Крамбамбуля”, „Рэлікт”, „Дзецюкі”, „Іло энд фрэндс” ды „Наві”.
[Not a valid template]
* * *
Старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў, арганізатар фестывалю “Басовішча” Ганна Пякарская падзялілася ў нашым эфіры пра тое, як выглядае сітуацыя ў Барыку за дзень да фестывалю.
Ганна Пякарская:Сёлета фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча” пройдзе 27 раз.
РР: Вы зараз на месцы, у Барыку, дзе ідзе інтэнсіўная падрыхтоўчая праца. Ці ўсё ўжо гатова, каб сустрэць выканаўцаў, удзельнікаў фестывалю? Ці ўсё ж неспакойны дзень і неспакойная ноч – наперадзе?
Ганна Пякарская:Вядома, нас чакае і неспакойны дзень, і ноч. Бо заўсёды ўзнікаюць сюрпрызы. Але пакуль усё спакойна. Крыху не такое надвор’е, але гэта нястрашна.
РР: Магу абнадзеіць: чуў, як сіноптыкі абяцалі на пятніцу і суботу дажджы толькі ўдзень, а ўжо пад вечар засвеціць калі не сонца, то месяц. Таму ўсё павінна быць добра.
Ганна Пякарская:Я думаю, што будзе шмат добрай энергіі і сонца са сцэны. Таму няма чаго хвалявацца.
У гэтым годзе атрымалася так, што раней прыехала ўся тэхніка. Таму раней будзем падрыхтаваныя.
РР: А ці няма якіх-небудзь зменаў у праграме? Ці ўсё ідзе згодна з планам?
Ганна Пякарская:Пакуль усё ідзе згодна з планам. Не павінна быць зменаў.
РР: Як штогод, сёлета было невядома, што будзе з візамі, якія абяцалі. Ці змогуць патрапіць тыя людзі з Беларусі, што напісалі да вас просьбы, на “Басовішча”? Ці ўсё вырашылася па гэтым пытанні?
Ганна Пякарская:Атрымалася ўсё. Бо людзі, якія даслалі да нас заяўкі, атрымалі інфармацыю, што бясплатныя візы чакаюць іх. Мы запрасілі іх у візавы цэнтр. Але не ўсе прыйшлі. Відаць, інфармацыя пайшла крыху позна ад нас, людзі зрабілі сабе візы раней. Аднак усе тыя, што падалі дакументы, візы атрымалі.
РР: Значыць, усе ідзе ў добрым кірунку. Прыгадайце, а каторай гадзіне пачынаецца фестываль?
Ганна Пякарская:Заўтра, 22 ліпеня, пачынаем ад 16.30 з конкурсу маладых гуртоў. Сёлетні конкурс такі моцны, што я шчыра раю ўсім быць своечасова. Адразу пасля конкурсу, у 19.00, пачынаем канцэрты. Будзе вельмі многа энергіі, цікавых музычных праектаў, таму варта ехаць на самы пачатак.
РР: Уся інфармацыя пра праграму фестывалю ёсць на сайце “Басовішча” і на сайце нашага радыё. І яшчэ адно пытанне: ці не ўводзілі ліміту ўзросту? Ці можна выбірацца на “Басовішча” людзям ва ўзросце 50+? Ці толькі для моладзі гэты фестываль?
Ганна Пякарская:Думаю, будзе ўсё нармальна. Не павінна быць праблем. Тое, што гэта фестываль музыкі маладой Беларусі, яшчэ не значыць, што ён толькі для маладых людзей. Бо ў кожным узросце можна быць маладым сэрцам і душой.
Запрашаем усіх на 27-мы фестываль “Басовішча”, які будзе праходзіць 22-23 ліпеня ў Барыку каля Гарадка, што на Беласточчыне. Для тых, хто не здолее прыехаць, ёсць унікальная магчымасць не толькі пачуць выступы ўдзельнікаў фестывалю, але і пабачыць усё нажыва. У гэтым годзе будзе відэатрансляцыя з “Басовішча”, і толькі на нашым сайце! Будзьце з намі!
* * *
На „Басовішчы” будзе працаваць кнігарня
Наведнікі фестывалю музыкі маладой Беларусі “Басовішча” сёлета не толькі змогуць пачуць са сцэны свае любімыя гурты, купіць дыскі з музыкай, але таксама – упершыню на фестывалі – купіць найноўшыя кнігі, якія выйшлі ў менскіх выдавецтвах. На „Басовішчы” будзе працаваць адмысловая кнігарня.
Гаворыць дырэктар выдавецтва “Галіяфы” Зміцер Вішнёў:
– Нас запрасілі на “Басовішча”. На фестываль са сваімі кнігамі прыедуць прадстаўнікі чатырох недзяржаўных выдавецтваў: “Кнігазбор”, “Arche”, выдавецтва Андрэя Янушкевіча і мы – “Галіяфы”. Будзем працаваць на фествалі два дні.
Зміцер Вішнёў паведаміў, што выдавецтвы прывязуць кнігі самых папулярных у Беларусі аўтараў – Юрыя Станкевіча, Віктара Марціновіча, Альгерда Бахарэвіча, Марыі Роўды і іншых.
* * *
Увага! Усе, хто ў пятніцу збіраецца на Басовішча праз Кузніцу-Брузгі…
Усім, хто заўтра збіраецца перасякаць мяжу па дарозе на «Басовішча», варта ўлічыць, што з 16-й да 17-й па беларускім часе рух аўтатранспарту ў пункце пропуску будзе абмежаваны. 22-га ліпеня ў Гародні будзе праходзіць трэці этап міжнароднай велагонкі «Нёман». Мытнікі адзначаюць, што вялікіх ускладненняў кіроўцы не сустрэнуць. Гаворыць Катажына Здановіч з Падляшскай памежнай службы:
— Ужо не ў першы раз праз памежны пераход у Кузніцы будуць праязджаць раварысты і, вядома, велагонка праедзе вельмі хутка, памежны кантроль яны пройдуць раней і трэба будзе проста дазволіць тым раварыстам праехаць праз мяжу.
Беларускі бок таксама абяцае, што абмежаванні будуць кароткатэрміновыя –кажа прэс-скаратар Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Цішчанка:
— Гэта часовае мерапрыемства, прапусцяць прабег і ўсё адновіцца. Там дастаткова рэсурсаў каб урэгуляваць гэтыя пытанні і людзі асабліва не адчуюць гэтага. Проста ўдзельнікаў прабегу прапусцяць у першачарговым парадку дый усё.
Пасля 17-й па беларускім часе ў пятніцу, 22 ліпеня, рух аўтамабіляў у пункце пропуску Кузніца-Брузгі адновіцца.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Два дні да „Басовішча”…
* * *
Плакат „Басовішча” проста з друкарні, яшчэ пахне фарбай
* * *
Тры дні да „Басовішча”: што дзеецца ў Барыку?
* * * Пра тое, што чакае гасцей Фестывалю Музыкі Маладой Беларусі, распавяла адная з арганізатарак „Басовішча” Ганна Пякарская.
РР: Як ідзе падрыхтоўка да мерапрыемства? І, перадусім, усе мы чакаем добрага надвор’я.
Ганна Пякарская:Усе гавораць, што няма “Басовішча” без дажджу. Але беларусы – моцны народ. І дождж нас не палохае.
Што тычыцца беларускіх зорак, якія завітаюць на „Басовішча”, у пятніцу выступіць Лявон Вольскі з “Крамбамбуляй”, Наві, таксама ў пятніцу выступяць Hańbuki – гэта вельмі цікавы супольны праект польскага гурта Hańba! і беларускіх “Дзецюкоў” . У суботу выступіць гурт “Брутто”.
РР: Што чакае нас у конкурснай частцы?
Ганна Пякарская: У конкурсны дзень выступіць пяць калектываў. Вельмі моцны састаў. Нагадаю, што 19 лютага мы зрабілі “Адборышча “ ў Менску. На ўдзел у конкурс было пададзена 40 заявак.
У журы фестывалю будуць прадстаўнік ад Беларускага Радыё Рацыя, прадстаўнік ад арганізатараў, „Тузіна хітоў” і Еўрарадыё. Акрамя таго, будуць вядомыя музыкі.
РР: Якія яшчэ мерапрыемствы чакаюць тых, хто прыедзе на “Басовішча”?
Ганна Пякарская:Пачынаем мы ў суботу ў 11 гадзін з “Беларускіх анімацый” – будзем паказваць стужкі, якія ў мінулым годзе нам прывёз Аляксандар Памідораў. Пасля адбудуцца спартовыя спаборніцтвы. Затым запрашаем на тэатральныя варштаты. У 15.45 будзе спектакль Асі Стэльмашук-Троц “Ксенія”. А пасля адбудзецца паказ стужкі нямецкіх дакументалістаў.
РР: Як выглядае сёлета сітуацыя з візавай падтрымкай?
Ганна Пякарская:Кожны год для нас узнікаюць складанасці з візамі для тых, хто хоча трапіць на “Басовішча”. Але вырашаем не мы, а консул. Яшчэ ў лютым пачаліся нашыя перамовы з беларускімі партнёрамі наконт візаў. На жаль, супрацы не атрымалася. Таму сітуацыя з візамі вельмі непрыемная для нас. Мы можам толькі прасіць прабачэння ў людзей, але мы зрабілі ўсё, што маглі.
РР: Калі адкрываецца намётавае мястэчка?
Ганна Пякарская: Афіцыйна для гасцей яно адкрыецца ў пятніцу а 12-й гадзіне. На жаль, кошт намётавага мястэчка сёлета мы вымушаныя былі падняць да 30 злотых. У гэтым годзе не хапае сродкаў, таму не было іншага выйсця. Але прыехаць можна крыху раней, ніхто не будзе лічыць грошай за ноч з чацвярга на пятніцу, калі вы паставіце там сваю палатку раней.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя