Пра аўтара „контррэвалюцыйнай” граматыкі беларускай мовы
18 лістапада спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, публіцыста, мовазнаўца, педагога, нацыянальнага і палітычнага дзеяча, роднага дзядзькі Якуба Коласа Язэпа Лёсіка (1883-1940).
Язэп Лёсік нарадзіўся ў вёсцы Мікалаеўшчына Менскага павета. Яго бацькі Юрка і Хрысціна Лёсікі былі беззямельнымі сялянамі і арандавалі землі ў князёў Радзівілаў. Яны мелі сем сыноў і трох дачок. Язэп быў іх самым малодшым, таму ў першыя гады жыцця не быў моцна загружаны абавязкамі. Скончыў другі клас Мікалаеўскай народнай школы, пасля чаго два гады рыхтаваўся да экзаменаў у настаўніцкую семінарыю. Здаваў экзамены ў Настаўніцкую семінарыю ў Нясвіжы, але не паступіў.
У 1898 годзе Язэп паступіў у Маладзечанскую семінарыю. Аднак на другі год быў выключаны з яе без права паступлення ў іншыя навучальныя ўстановы. Пераехаўшы ў Ноўгарад-Северскі (Чарнігаўская губерня), дзе працаваў ягоны брат, паступіў у гарадское вучылішча і скончыў яго ў 1902 годзе. У Ноўгарадзе-Северскім вытрымаў экзамен на годнасць настаўніка народнай школы…
Падчас знаходжання ў ссылцы, Язэп Лёсік займаўся самаадукацыяй. Здабываў сродкі на сваё існаванне фізічнай працай і толькі ў Бадайбо рабіў пісарам, а ў адной вёсцы арганізаваў пачатковую школу, але паліцыя хутка яе закрыла, бо ў ссылцы ў тыя часы забаранялася працаваць паводле сваёй спецыяльнасці. У Сібіры Язэп сустрэўся з паэтам Алесем Гаруном, з якім потым не разлучаўся. Супрацоўнічаў з газетай «Наша Ніва», падтрымліваў сувязь з пісьменнікамі і знаёмымі настаўнікамі ў Беларусі.
Вярнуўся ў Беларусь пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў сакавіку 1917 года. Спыніўся ў Менску, дзе ўключыўся ў дзейнасць беларускага нацыянальнага руху. З красавіка 1917 года ў Беларускай сацыялістычнай грамадзе, адзін з актыўных сяброў партыі. Кандыдат ад партыі ва Устаноўчы сход на Меншчыне. Як прадстаўнік БСГ увайшоў у склад створанага 7—9 красавіка 1917 года Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК), рэдагаваў яго газету «Вольная Беларусь».
Язэп Лёсік – адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года. У 1918 годзе, падчас функцыянавання структур БНР пад нямецкай акупацыяй, ён падтрымаў развіццё беларускай асветы. Разам з Язэпам Варонкам і Кастусём Езавітавым рэарганізаваў беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Прасвета» ў культурна-асветніцкае таварыства «Бацькаўшчына». Уваходзіў у склад Рады БНР. У сярэдзіне красавіка 1918 года ён разглядаўся палітыкамі БНР, як адзін з кандыдатаў на пасаду кіраўніка ўрада — старшыні Народнага сакратарыята. 25 красавіка разам з іншымі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма II. Тэлеграма змяшчала падзяку за «вызваленне Беларусі» і просьбу аб аказанні падтрымкі БНР у яе хаўрусе з Германіяй. Гэтым Рада разлічвала на прызнанне дзяржавы з боку Германіі. Аднак гэты крок быў негатыўна ўспрыняты некаторымі сябрамі Рады, у выніку чаго многія з іх пакінулі Раду БНР, а Беларуская сацыялістычная грамада распалася.
На пасяджэнні 13 снежня 1919 года ў Менску адбыўся раскол Рады БНР праз пытанне стаўлення да польскіх акупацыйных уладаў. Група, што ініцыявала пераварот, стала называцца Народнай Радай БНР. 14 снежня была створаная Найвышэйшая Рада БНР, якую ўзначаліў Язэп Лёсік, і якая пацвердзіла паўнамоцтвы прэм’ера Антона Луцкевіча.
У канцы сакавіка 1920 года Язэп Лёсік удзельнічаў у перамовах паміж польскімі прадстаўнікамі грамадзянскага ўпраўлення ўсходніх зямель і беларускім акружэннем. Лёсік прадстаўляў на перамовах пазіцыю Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны, у адпаведнасці з якой беларускі бок звяртаўся да польскіх уладаў з просьбай абараніць усю Беларусь, прызнаць волю беларускага народа, прызнаць роўнасць беларускай мовы і спрыяць развіццю беларускай асветы. Пры гэтым беларускія палітыкі падкрэслілі, што чакаюць незалежнасці БНР, але бачаць яе будучыню ў звязе з Польшчай. Польскі бок не выканаў патрабаванняў.
Па заканчэнні польска-савецкай вайны Язэп Лёсік застаўся ў ССРБ, абвясціў аб «прызнанні прынцыпаў Савецкай улады» і адышоў ад палітычнай дзейнасці. Займаўся навуковай, культурна-асветнай, літаратурнай працай. 3 ліпеня 1921 года выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, на беларукіх лектарскіх курсах, у Белпедтэхнікуме.
У 1922 годзе, пасля выхаду ў свет кнігі «Практычная граматыка беларускае мовы», газета «Звязда» назвала падручнік «контррэвалюцыйным». У пачатку лістапада 1922 года Язэп Лёсік быў арыштаваны, але ў абарону яго выступіў тагачасны наркам асветы ССРБ Усевалад Ігнатоўскі. 11 лістапада 1922 года Ігнатоўскі накіраваў у Прэзідыум ЦК КП(б)Б зварот, у якім паказаў значэнне Язэпа Лёсіка для будаўніцтва нацыянальнай культуры і паставіў пытанне аб яго вызваленні. У снежні 1922 года Лёсік быў адпушчаны.
14 ліпеня 1930 года Язэп Лёсік быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі» на курорце ў Мацэсце Сочынскі раён), дзе ён лячыўся ад ішыясу: 2 гады не мог хадзіць без кія. Закончыць курс лячэння яму не далі, з Каўказа арыштаваным прывезлі ў Менск і пасадзілі ў турму Дзяржаўнай палітычнай управы НКУС, так званую «амерыканку». Адначасова з ягоным арыштам у яго доме на Шпітальнай вуліцы праходзіў ператрус. Пачаўся ператрус а 10-й гадзіне вечара і працягваўся да 8-й гадзіны раніцы.
6 снежня 1930 года Савет народных камісараў БССР за подпісам Галадзеда і Калевіча на патрабаванне бюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі пазбавіў яго звання акадэміка. Пастановай калегіі АДПУ БССР ад 10 красавіка 1931 года Язэп Лёсік быў сасланы на 5 гадоў у горад Камышын Саратаўскай вобласці. Жыў у горадзе Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У лістападзе 1934 года пастановай ВЦВК беларус атрымаў амністыю без дазволу на вяртанне ў Беларусь. У 1935 годзе ён пераехаў з сям’ёй на Браншчыну, выкладаў рускую мову ў Малавышкаўскай школе на ст. Злынка. Увосень 1937 года перасяліўся ў Актарск Саратаўскай вобласці, працаваў у педтэхнікуме. У чэрвені 1938 года арыштаваны па справе «Контррэвалюцыйнай арганізацыі палітссыльных у Саратаве». 31 сакавіка 1940 года асобай нарадай асуджаны на 5 гадоў ГУЛАГу за «антысавецкую агітацыю». Паводле афіцыйнай версіі, Язэп Лёсік памёр ад сухотаў у саратаўскай турме на наступны дзень. Паводле іншай версіі, ён быў застрэлены адразу па абвяшчэнні прысуду. У гэты час Лёсік быў зусім здаровы, і сям’я не думала, што той неўзабаве памрэ. Апошні раз яго сям’я мела кантакт з ім 16 ліпеня 1938 года, калі атрымала развітальную паштоўку. Месца пахавання невядомае.
Язэп Лёсік быў пасмяротна двойчы рэабілітаваны: 8 кастрычніка 1958 года па другім прысудзе праз Акруговы суд Саратава і 10 чэрвеня 1988 года — Вярхоўным Судом Беларускай ССР па першым прысудзе. У 1990 годзе яму вярнулі званне акадэміка.
Беларускае Радыё Рацыя