Пра беларусаў Гародні 1920-х гадоў



Выйшаў свежы электронны нумар тыднёвіка “Наша слова”, які выдае Станіслаў Суднік з Ліды. Нумар вельмі багаты на разнастайныя матэрыялы, прысвечаныя нашай літаратуры, гісторыі, культуры і мастацтву.

З цікавасцю чытачы прачытаюць нізку новых вершаў Сержука Сыса пад агульнай назвай “Роднае слова”: …Тры ракі можа як перайду, Тры прызначаныя рубіконы – Адшукаю святую ваду, І вада змые тыя праклёны.

У ліпені  Беларусь будзе шырока адзначаць 140-годдзе з дня нараджэння класіка айчыннай літаратуры, народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. З 1945 года яго імя, да чаго прычынілася цётка Уладзя,  носіць адзіная ў Менску  сярэдняя школа № 19, якой ужо больш за сотню гадоў. У рамках падрыхтоўкі да юбілею Песняра ў незвычайнай навучальнай установе адбылася цікавая сустрэча з яе былым выпускніком, пісьменнікам, перакладчыкам і мастаком, падпалкоўнікам міліцыі ў запасе Юрыем Кур’яновічам. Пра гэта таксама піша “Наша слова”.

З цікавасцю чытаецца таксама артыкул пра беларусаў у Гародні ў 1920-я гады. Пачынаецца ён так:

Гародня ёсць другім пасля Вільні асяродкам беларускага руху… пэўны час тут існавалі: 1) Беларускі народны камітэт, 2) Беларускі клуб, і 3) Арганізаваная падчас нямецкай акупацыі сетка беларускіх школ у правінцыі з беларускай гімназіяй у Гародні (у выглядзе першых 4 класаў) на чале, але ўсе гэтыя інстытуцыі былі ліквідаваныя.

Захавалася толькі самая старая і найлепей пастаўленая беларускай школа ў Гародні. Яна была заснавана ў канцы 1916 года, дзякуючы старанням і ахвярнасці яе кіраўніка Аляксандра Грыкоўскага, і налічвала каля 50 вучняў. Пачынаючы з 1919 года, пасля смерці Грыкоўскага, з-за непрыхільнага стаўлення да яе школьных уладаў, школа мела шмат праблем, але сёння, дзякуючы энергіі і ведам свайго новага кіраўніка Федарука, школа знаходзіцца ў квітнеючым стане. Яна налічвае 7 класаў, у якіх вучыцца каля 300 вучняў і працуюць 8 настаўнікаў. Заняткі ў школе адбываюцца ў дзве змены – раніцай і вечарам, прычым тры малодшыя класы падзелены на два аддзелы. Вялікая заслуга ў развіцці школы напачатку мела настаўніца Тэкля Станішэўская, якая памерла на сваёй пасадзе ад сухотаў. Пры школе існуе Беларуская школьная рада і г.д.

Друкуе “Наша слова” і шмат іншых цікавых і карысных матэрыялаў. Увесь нумар чытайце тут.

Беларускае Радыё Рацыя