Пра беларускіх класікаў-экстрэмістаў
У Беларусі паступова забараняюць усё беларускае. Гэтым разам экстрэмісцкімі матэрыяламі сталі кнігі Геніюш, Някляева, Арсенневай і нават Дуніна-Марцінкевіча, які жыў у 19 стагоддзі. Калі так далей пойдзе, то экстрэмісцкімі стануць усе беларускія пісьменнікі, якія пісалі і пішуць па-беларуску.
Міністэрства інфармацыі Беларусі трэба перайменаваць у Міністэрства праўды. Бо яно, як у тым рамане “1984” Оруэла займаецца фальсіфікацыяй на ўсіх узроўнях інфармавання насельніцтва: у СМІ, кнігах, адукацыі, мастацтве і спорце. Гэтым разам міністэрства інфармацыі аднавіла спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. І ў іхні спіс патрапілі творы Геніюш. Арсенневай, Някляева і Лідзіі Арабей, якая працавала яшчэ ў савецкія часы ў часопісе “Вожык” і газеце “Чырвоная змена”. А яшчэ экстрэмісцкімі абвясцілі творы Дуніна-Марцінкевіча. Класік беларускай літаратуры, які жыў у 19 стагоддзі, і не падазраваў, што праз два стагоддзі ягоныя вершы абвесцяць экстрэмісцкімі. У прыватнасці, забаранілі твор “Гутарка старога дзеда”, які прыпісваецца Дуніну-Марцінкевічу. У тым вершы ёсць такія радкі: “Ўсе чыноўнікі збыткуюць,/ Абдзіраюць і катуюць,/ Глумяць, крыўдзяць, разбіваюць,/ Жаліцца не пазваляюць.” Такое адчуванне, што чыноўнікі ўбачылі сябе ў гэтых радках – і пакрыўдзіліся. Але, як той казаў, не наракай на люстэрка, калі нос крывы.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя