Пра гісторыю Гародні – з дапамогай старых паштовак
“Гродна на старых паштоўках” – медыялекцыя, якая прайшла ў Гародні з удзелам вядомага краязнаўцы і прафесійнага экскурсавода Віктара Кірэева. У краме “Ц” на Вялікай Траецкай вуліцы Віктар Кірэеў расказаў прысутным гарадзенцам пра гісторыю гарадзенскіх паштовак.
– Калі мы пачыналі ў 80-ыя гады – гэта было вельмі цяжка. Зараз любы можа знайсці з дапамогай гугл старыя паштоўкі Гародні, ёсць шмат сайтаў, дзе можна паглядзець, дзе можна пачытаць тлумачэнні – і знаўцаў, і нязнаўцаў таксама, часам і лухту пэўную пішуць, бывае і такое. Але ёсць інфармацыя і яе шмат. Мы ў 80-ыя гады збіралі па крупінках. Глядзіш: а што гэта? І ніхто не можа табе падказаць, акрамя тых старых гарадзенцаў, якія на той час жылі, то і звярталіся да іх.
Паводле Віктара Кірэева, перадсавецкая Гародня мела каля пятнаццаці устаноў, якія выпускалі паштоўкі на кожны густ. Падобная акцыя не адзінкавая. Аўтар спадзяецца, што ён будзе і далей знаёміць гарадзенцаў з гісторыяй горада з дапамогай старых паштовак.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя