Пра гісторыю Полацка і кіно
Пра гісторыю Полацка. Новы сезон полацкі Клуб аматараў гісторыі роднага горада пачаў лекцыяй даследчыцы полацкай гісторыі, экскурсавода Наталлі Сяргеенкі, прысвечанай яе пошукам у полацкім архіве і ўнікальным знаходкам. Даследчыца знайшла лісты-скаргі палачаніна Марка Аронава да губернскага начальства.
Кажа Наталля Сяргеенка:
– Вось глядзіце, які цікавы дакумент. У гэтым дакуменце і апісваецца ўся гэтая цікавая справа па развіцці тэатральнага жыцця, кінематографа. Чалавек скардзіцца ў Віцебск, што ён за свае грошы ў 1909 годзе пабудаваў шэсць тэатральных пляцовак у Полацку. І сярод іх – кінематограф. Між іншым, на той час кінематограф быў толькі ў Вільні, Санкт-Пецярбургу, Маскве, Адэсе, Кіеве, Харкаве, і ўсё.
Напачатку 20 стагоддзя віленскі прадпрымальнік Марк Аронаў пераехаў у Полацк і пачаў тут будаваць культурніцкія пляцоўкі, у тым ліку і кінатэатр. З сабой з Вільні ён прывёз у Полацк цэлую каманду творчых людзей. Менавіта ў будынках Аронава выступала ў Полацку тэатральная трупа Ігната Буйніцкага.
Беларускае Радыё Рацыя