Пра калекцыю Яўстаха Тышкевіча



Свежы нумар электроннага выдання “Наша слова.Pdf” зацікавіць чытачоў артыкулам лідскага краязнаўца Леаніда Лаўрэша “Яўстах Тышкевіч, яго калекцыя і яго музей”. І, сапраўды, цікава ведаць, што было каштоўнае ў калекцыі і ў музеі беларускага археолага, гісторыка і краязнаўца Яўстаха Тышкевіча (1814-1873).

Па інфармацыі Леаніда Лаўрэша, у калекцыі Яўстаха Тышкевіча, які рупліва збіраў старыя дакументы і іншыя памяткі мінулага, была вялікая колькасць экспанатаў беларускай мінуўшчыны. Сябраваў калекцыянер з Адамам Кіркорам, разам з якім вёў археалагічныя раскопкі. Кіркор быў аўтарам шматлікіх прац, у тым ліку і даведніка пра Вільню (1862 г.), у якім потым падрабязна апісаў Віленскі музей старажытнасцей. А напачатку 1853 года Адам Кіркор адкрыў у Вільні рэшткі невядомага замка, потым ў жніўні 1853 года разам з Тышкевічам пачаў пошукі руін палаца Хадкевічаў на левым беразе Віліі, насупраць Бяльмонта.

Як лічыць Леанід Лаўрэш, у гэтым месцы пасуе расказаць пра калекцыю Яўстаха Тышкевіча, якая склалася ў яго да адкрыцця музея. Калекцыю апісаў паэт Уладзіслаў Сыракомля ў чатырох нумарах „Газеты Варшаўскай” за 1854 год. Па-сапраўднаму цікавымі артэфактамі мінуўшчыны Сыракомля лічыў белыя, сапфіравыя, жоўтыя і чырвоныя шкляныя і каралавыя пацеркі, у вялікай колькасці знойдзеныя ў курганах з жаночымі пахаваннямі ў ваколіцах Менска, Вільні і Бабруйска. Граф Тышкевіч меў вялікую колькасць мясцовых артэфактаў, знойдзеных у Літве і Беларусі. Яны дзіўна падобныя, але скандынаўскія адрозніваюцца лепшым аздабленнем і элегантнасцю выканання. Граф Тышкевіч меў вялікую калекцыю каменных сякер розных памераў, формаў і аздабленняў. Адны павінны былі асаджвацца ў дрэва, іншыя мелі па-майстэрску выразаныя адтуліны, у якія ўстаўляецца ручка. Калекцыя графа ўключала ў сябе таксама і незакончаную каменную зброю і прылады для яе вырабу. Гэта дало магчымасць зразумець сакрэты вырабу такой зброі. У калекцыі графа меліся помнікі старажытнага рыбалоўства ў Літве – гліняныя шары, накшталт вялікіх пацерак, якімі абцяжарвалі рыбалоўныя сеткі. У зборы Тышкевіча не было панцыра, але меліся бронзавыя паясы, на якіх ваяры насілі малыя ці вялікая выгнутыя нажы. Меліся таксама і баявыя сякеры, узоры доўгіх коп’яў, дзід і жалезных стрэл рознай формы, загартаванасці і спосабаў вырабу. Таксама калекцыя ўключала ў сябе татарскія наканечнікі стрэл з курганоў, бронзавы пярсцёнак і жазло ў выглядзе скіпетра, упрыгожанае срэбрам з тых жа татарскіх магіл, а таксама жалезны бярдыш, металічны крыж і медны герб (леў) “з так званага шведскага кургана”.

Прадстанікі роду Тышкевічаў. Экспазіцыя ў Лагойскім гісторыка-краязнаўчым музеі імя Тышкевічаў.

У калекцыі Тышкевіча меліся і сапраўдныя шэдэўры выяўленчага мастацтва. Перш за ўсё варта згадаць барэльеф жонкі Яна Сабескага з белага мармуру, бюст Станіслава Аўгуста з парцаляны, работы невядомага мастака і цэлая серыя бюстаў, выкананых прафесарам скульптуры Віленскага ўніверсітэта Ельскім. З цікавасцю можна было паглядзець на чатыры пасмяротныя маскі Пятра І, Карла XII, а таксама Аляксандра І і Напалеона. Таксама тут мелася маска з магілы Яна Караля Хадкевіча і пасмяротная маска Францішка Смуглевіча. Былі бюсты канцлера Храптовіча, падканцлера Плятэра, гісторыка Адама Нарушэвіча, прафесараў Андрэя Снядэцкага і Яна Франка, прафесара жывапісу Рустэма, барэльеф Тарвальдсэна з абпаленай гліны, мадэль для помніка Вітаўту работы ўжо ўзгаданага Ельскага, якім ушанавалі парэшткі вялікага князя ў віленскай катэдры.

Цікавымі помнікамі ў калекцыі таксама былі надмагіллі жонкі канцлера ВКЛ Льва Сапегі Дароты з Фірлеяў. Надмагілле ўяўляла сабой фігуру жанчыны з чырвонага мармуру ў натуральную велічыню, з малітоўнікам у руцэ і гадзіннікам на шыі. Таксама меўся адліты з жалеза барэльеф з выявай міністра князя Любецкага.

Магіла Яўстаха Тышкевіча, 1882 г.

З партрэтаў вядомых гістарычных асоб, намалявных на палатне, у калекцыі былі наступныя: партрэт Кацярыны Ягелонкі і шведскай прынцэсы Цэцыліі – нарачонай Яна Тэнчынскага (копіі, прывезеныя Тышкевічам са Швецыі), партрэт шведскага караля Яна ІІІ – бацькі Жыгімонта ІІІ і яшчэ адзін жаночы партрэт выкананы Далабелем па загаду караля Жыгімонта на медзі, партрэт Станіслава Ляшчынскага, ужо як князя Латарынгіі, і яго дачкі, каралевы Марыі Ляшчынскай – жонкі Людовіка XV, невялікі партрэт Стэфана Чарнецкага, копія з карціны вядомага мастака Яна Марачынскага, партрэт апошняга польскага пасла ў Лондане Францішка Букаты, партрэты гетмана Касакоўскага і кароннага падстолія Валіцкага (пэндзля Лямпі), партрэты канцлера Яўхіма Храптовіча і кс.- прымаса Міхала Панятоўскага, партрэт грэка каталіцкага мітрапаліта Булгака і некалькі выяваў Станіслава Панятоўскага ў розных позах. Меліся партрэты вядомага драматурга Уршулі Радзівіл з Вішнявецкіх – маці князя Караля і віленскага кашталяна князя Мацея Радзівіла, а таксама партрэт самога князя Караля „Пане Каханку” і неразлучных з ім надворнага нясвіжскага прамоўцы ксяндза Катэмбрыка, а таксама расстралянага ў Менску Міхала Валадковіча (з гэтага партрэта была зроблена літаграфія для выдання „Літоўскіх малюнкаў” Ходзькі). Таксама меліся 13 партрэтаў знакамітых сваякоў калекцыянера, у тым ліку і польнага гетмана ВКЛ Людвіка Тышкевіча. Збор карцін дапаўнялі віды Лідскага і Мірскага замкаў мастака Русецкага і від замка ў Луцку. У Тышкевіча меліся дзесяткі гравюрных дошак і калекцыя гравюр у колькасці 1500 адбіткаў… І сотні-сотні іншых каштоўнасцей. Больш падрабязна чытачы змогуць даведацца з “Нашага слова”.

Беларускае Радыё Рацыя