Пра Каліноўскага распавядуць у “Цудоўні”
Гарадзенскі журналіст і гісторык Васіль Герасімчык прадставіць 9 лютага ў культурна-гандлёвай пляцоўцы “Цудоўня” сваю кнігу “Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда”.
Кніга была ўпершыню прадстаўлена ў Гародні 2 лютага на дзень народзн Каліноўскага ў невялічкім памяшканні гарадской бібліятэкі імя Макаёнка і яна распавядае пра біяграфію Каліноўскага.
Пра стварэнне кнігі кажа аўтар Васіль Герасімчык:
– Думаючы над тэмай навуковай працы, трэба было штосьці такое, што аб’ядноўвае Беларусь, Польшчу і Расею. Агульную тэму. Я падумаў якраз пра паўстанне 1863-64 гадоў. Тым больш, што ў школе мы яго неяк дрэнна праходзілі. Здавалася, што заадно падцягну веды па гэтым пытанні. Выбраў Кастуся Каліноўскага. Якраз у 2010 годзе актыўна ішло абмеркаванне гэтай постаці.
Васіль Герасімчык абяцае на сустрэчы ў „Цудоўні” распавесці цікавыя факты, якія не ўвайшлі ў кнігу. Пачатак сустрэчы 9 лютага у 19 гадзін.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня