Пра лідскія ветраныя млыны
Выйшаў чарговы электронны варыянт штотыднёвіка „Наша слова. рdf”. Ён працягвае публікаваць справаздачы пра святкаванне Дня роднай мовы ў Беларусі. Невялікі даследчы артыкул напісаў краязнавец Леанід Лаўрэш. Ён прысвечаны лідскім ветраным млынам.
„Наша слова” не забылася і пра Лявона Баршчэўскага, якому споўнілася 65 гадоў з дня нараджэння. Гэта ўнікальны беларус, які ведае ці не ўсе мовы свету – і ці не з усіх моваў свету перакладае творы паэзіі і прозы. Гэта найперш ягонымі высілкамі (і высілкамі выдаўца Змітра Коласа) створана кніжная серыя „Паэты планеты”, у якой выйшла ўжо 100 (!) кніг перакладзенай на беларускую мову сусветнай паэзіі…
Гэта ён, як дэпутат, змагаўся за незалежнасць Беларусі ў Вярхоўным Савеце, гэта ён, як палітык, ачольваў Беларускі Народны Фронт і, як літаратар, Беларускі ПЭН-цэнтр, гэта ён, як кандыдат філалагічных навук, выкладаў у Беларускім ліцэі, гэта ён уздымае сёння ўзровень беларускай перакладніцкай школы… і ўрэшце гэта ён спявае ў застоллі па заяўках сяброў хоць ангельскія, хоць нямецкія, хоць кітайскія, хоць іспанскія, хоць грузінскія, хоць маўрытанскія, хоць няведама якія песні…
Публікуе „Наша слова” таксама матэрыялы пра індзейцаў, якія сустракаліся з беларусамі, пра лідскае народнае свята „Праводзіны зімы” і шмат яшчэ цікавага.
Беларускае Радыё Рацыя