Пра лёс беларусаў Латвіі
У 1926 годзе Вацлаў Ластоўскі пісаў: «У жылах сучасных рыжан многа плыве крыві крывічанскай, і гэта апошняе – адна з прычын таго, што крывічы (беларусы) заўсёды так сімпатызуюць з рыжанамі». Пацвярджэннем некалі сказанага Вацлавам Ластоўскім можа служыць трэці том кнігі «Крывіцкія руны», прысвечаны беларускаму культурнаму мацерыку ў Латвіі. Кнігу падрыхтавалі даследчыкі нашай літаратуры Міхась Казлоўскі і Сяргей Панізнік. Яна на днях пабачыла свет у менскім выдавецтве «Кнігазбор».
У трэцюю кнігу «Крывіцкія руны» складальнікі ўключылі самыя разнастайныя творы з паэзіі, прозы, публіцыстыкі, мемуарыстыкі і эпісталярнай спадчыны, што ўдалося ім адшукаць у дзяржаўных і прыватных архівах, а таксама на старонках беларускіх перыядычных выданняў міжваеннай Латвіі, Літвы і Беларусі, беларускага паваеннага перыядычнага друку.
Сярод аўтараў кнігі малавядомыя і вядомыя літаратары, палітыкі, педагогі, якія пакінулі нашчадкам свае творы, успаміны і эпісталярную спадчыну – Кастусь Езавітаў, Аўген Бартуль, Алесь Вайноўскі, Лідзія Васільева, Люцыя Александровіч, Сяргей Сахараў, Людміла Краскоўская, Эмілія Казак-Казакевіч, Мікола Паўловіч.
«Крывіцкія руны» публікуюць ліставанне паэта Сяргея Панізніка з Людмілай Краскоўскай і Эміліяй Казак-Казакевіч, ліставанне Міколы Паўловіча з Зояй Захаравай – дачкой Сымона Маціеўскага.
Гісторык Андрэй Вашкевіч знаёміць чытачоў з нарысам Вільбертса Краснайса «Беларусы як атожылак латвійскага люду», які ў перакладзе Ніны Янсанэ таксама публікуецца ў «Крывіцкіх рунах».
Даследчыкі нашай літаратуры Мікола Трус і Марына Ліс даследуюць аперэту Карла Форжта ў перакладзе Людмілы Краскоўскай і Уладзіміра Жылкі, жыццё і дзейнасць Уладзіміра Пігулеўскага – каардынатара беларуска-латышскіх культурных сувязяў. Друкуецца ў кнізе і шэраг іншых новых і цікавых матэрыялаў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя