Пра лёс беларускай кнігі разважалі ў Слоніме



Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл сустрэліся з мінскімі літаратарамі, бардамі і выдаўцамі. У Слонім на сустрэчу завіталі вядомыя ў Беларусі асобы Зміцер і Уладзімір Коласы, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Сіўчыкаў, Андрэй Хадановіч і Зміцер Бартосік.

Мінскія госці прывезлі з сабой вязанку беларускіх кніг, сярод якіх шмат дзіцячай літаратуры, перакладной, кніг сучаснай паэзіі і прозы.  Адкрыў сустрэчу слонімскі літаратар і гісторык Сяргей Чыгрын, які пазнаёміў слонімцаў з гасцямі. А потым выступалі Зміцер Колас і Уладзімір Сіўчыкаў, якія расказалі пра выдавецкія справы, пра новыя кнігі і планы на бягучы год. Андрэй Хадановіч чытаў вясёлыя вершы і для дарослых, і для юных чытачоў. А Лявон Баршчэўскі прачытаў некалькі сваіх перакладаў з ангельскай мовы.

Падчас сустрэчы адбылася і гутарка пра лёс беларускай кнігі, пра яе пашырэнне на тэрыторыі рэспублікі, пра тое, што ў многіх райцэнтрах Беларусі адсутнічаюць кнігарні, з кожным годам у краіне становіцца менш і менш бібліятэк, беларускамоўных школ і класаў. Людзям у правінцыі немагчыма нідзе набыць беларускую кніжку.

Гутарку пра кнігі суправаджаў бард Зміцер Бартосік. А сама сустрэча адбылася на панадворку прыватнай сядзібы на адной з гарадскіх вуліц Слоніма.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара