Пра настаўніка міністраў, стваральніка музея і энцыклапедыста Палесся
На тыдні, 11 лістапада, у вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна адзначылі трыццаці годдзе Народнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа. Яго б не было без плённай і руплівай працы Івана Іосіфавіча Калошы (1929-2010).
У матэрыяле прысвечаным угодкам музея: “У “краіне багнаў” жыве памяць пра Песняра”, аўтар гэтых радкоў паабяцаў узгадаць стваральніка і першага дырэктара ў асобнай публікацыі. Трымаю слова.
І.І. Калоша, 1980-я гады.
Не пінчук, а пра край ведаў больш, чым мясцовыя
Дагэтуль для многіх знаёмых Івана Іосіфавіча з’яўляецца адкрыццём, што ён нарадзіўся 18 верасня 1929 года ў вёсцы Нагорнае Баранавіцкага раёна, а не на Пінскім Палессі. Шчыра дзівяцца і слушна прыгаворваюць: “А столькі шмат ведаў пра Піншчыну і столькі зрабіў, што і не пыталіся, дзе ён нарадзіўся”.
Калоша цікавіўся кожным кутком краіны, дзе яму выпала настаўнічаць. Воляй лёсу атрымалася, што ў Пінск ён прыехаў напачатку 1960-х гадоў і да пенсіі працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Пінкавічах.
Сваё Нагорнае ніколі не забываў. У сярэдзіне 1990-х гадоў выдаў кнігу гісторыі роднай вёскі. Населены пункт ужо тады выміраў, а цяпер там жыве каля пяці дзясяткаў землякоў. Яны памятаюць Калошу і захоўваюць яго выданне.
Іван Калоша выступае на адкрыцці музея імя Яўгеніі Янішчыц у вёсцы Парэчча Пінскага раёна, 21 лістапада 1998 года
Настаўнік ад Бога
Пасля заканчэння педінстытута Калоша некаторы час працаваў у школе вёскі Сноў Нясвіжскага раёна. Гэта кароткі перыяд у ягонай біяграфіі і, здавалася б, што можа зрабіць сельскі настаўнік? Вёска, штодзённасць, набірайся досведу і па магчымасці рабі кар’еру далей.
Малады настаўнік, схільны да паэзіі, краязнаўства і вывучэння традыцый, добра паказаў сябе перад вучнямі. Зрабіў каласальнае ўражанне на школьніка Толю, які ў будучыні стане першым міністрам інфармацыі і культуры Беларусі, дыпламатам, пісьменнікам Анатолем Бутэвічам. Там жа вучыўся і будучы прэм’ер-міністар Міхаіл Мясніковіч.
“Бясспрэчна. Я неаднойчы казаў, што вялікую ролю ў маім жыцці адыграла Сноўская сярэдняя школа, дзе працавалі выдатныя настаўнікі — не толькі прадметнікі, але і заўзятыя краязнаўцы. Сярод іх — выкладчык беларускай літаратуры Іван Іосіфавіч Калоша, настаўнік чарчэння Пётр Іванавіч Пазняк. Яны заахвочвалі нас да краязнаўства. Летам садзіліся на ровары і ездзілі па Нясвіжскім, Стаўбцоўскім раёнах, завітвалі і ў Мір. Падчас падарожжаў запісвалі паданні, легенды, расповеды пра паходжанне мясцовых назваў. Шчыра кажучы, тады мы былі крыху незадаволеныя: маўляў, лепш пагуляць, чым займацца гэтым. У рэшце рэшт у выніку і нашых высілкаў у школе стварылі шыкоўны краязнаўчы музей, які існуе і сёння. Тады ж мае гістарычныя даследаванні пачалі друкавацца ў нясвіжскай раённай газеце”, – з успамінаў Анатоля Бутэвіча.
Працуючы ў Снове, Калоша ўпершыню выступіў з краязнаўчымі нататкамі ў мясцовай прэсе, гэта стала пачаткам даследчай дзейнасці. Пасля Снова быў яшчэ карацейшы перыяд працы ў Лемяшэвічах Пінскага раёна, і ўжо неўзабаве ініцыятыўнага настаўніка прынялі Пінкавічы.
Экскурсія школьнікаў у “коласаўскі куточак”, які ў 1964 годзе ў Пінкавіцкай школе стварыў Іван Калоша, сярэдзіна 1980-х гадоў.
Пад мелодыю скрыпкі
Усё, што з сабой на Піншчыну ўзяў Калоша, – скрыпка і напрацаваны досвед. У Пінску вучыўся гульні на інструменце, каб прышчэпліваць мастацтва вучням. Яго ўрокі не праходзілі, а праляталі. Вершы, апавяданні пад скрыпку зачароўвалі дзяцей і лёгка запаміналіся.
“Памятаю адкрыты ўрок раённага значэння, – распавяла заснавальніца парэцкага Народнага музея імя Яўгеніі Янішчыц Антаніна Паўлаўна Сідарук. – Іван Іосіфавіч бярэ скрыпачку і ўсё, як прайшоў час, нічога не адчуваецца. Урок льецца, веды разам з мелодыяй. Гэта талент! Скрыпка – яго душа. Наогул мы заўсёды трымаліся разам на ўсіх сходах педагогаў нашага раёна. Даводзілі сваю кропку гледжання, лабіравалі інтарэсы. Нас аб’ядноўвала яшчэ і тое, што ён займаўся музеем Коласа, а я – Янішчыц”.
У Пінкавічах наш герой прапрацаваў настаўнікам звыш 20 гадоў і 13 гадоў дырэктарам Народнага літаратурна-краязнаўчага музея імя Якуба Коласа. За гэты час для мясцовых ён стаў абсалютна сваім. Любоў і павага былі ўзаемнымі.
Пры школе арганізаваў гурток паэзіі “Маладыя класікі”. У ім займаліся вучні, якія хацелі паспрабаваць сябе ў лірыцы. Выхаваў дзясяткі пераможцаў алімпіяд, конкурсаў чытальнікаў. Яго вучні пастаянна ўдзельнічалі ў святах вёскі, мерапрыемствах, прысвечаных Якубу Коласу.
Па ўласнай ініцыятыве падрыхтаваў некалькі вершаваных альманахаў дзіцячай творчасці. Зразумела, не ўсе аўтары-пачаткоўцы сталі пісьменнікамі. Бо не гэта галоўнае. Важна тое, што ім прышчапілі любоў да слова, да мастацтва.
З “Маладых класікаў” вырасла беларуская даследчыца, дацэнт БДУ, літаратар Любоў Канстанцінаўна Тарасюк (гл.: “Гілевіч і Быкаў выхавалі “палескую разумніцу”). Раскрыць талент дапамог клапатлівы настаўнік.
“Аднойчы прыйшоў у школу. Сустракаю Івана Іосіфавіча Калошу, а ён адводзіць мяне ў бок, – з успамінаў Канстанціна Тарасюка (1925-2014). – Акуратна, але з такім трапятаннем, кажа, што мая дачка схільная да паэзіі, да навукі, маўляў, не адштурхвайце яе ад гэтага. Гэта яе, яна знойдзе ў гэтым сябе і будзе нам удзячная. Так усё і склалася! Калоша займаўся з ёй і пасля ўрокаў, заўсёды пры сустрэчы гаварыў яму шчыра, ад усяго сэрца – дзякуй!”.
Школьная літаратурная газета, якую рабілі пінкавіцкія “Маладыя класікі”.
Ад кутка да музея
Да вывучэння мінулага Пінкавічаў Іван Іосіфавіч прыступіў літаральна па прыездзе. У 1964 годзе пры ягоным удзеле ў школе з’явіўся куток Якуба Коласа. З гэтага часу пачаўся збор успамінаў, легенд, мясцовых традыцый. Нялёгкая праца, якая вымагае процьму часу. На дапамогу прыйшлі вучні ды калегі. Да справы актыўна далучыўся настаўнік гісторыі Мікалай Уладзіміравіч Новік (1921-2010). Бясконцыя паездкі, камандзіроўкі па архівах, перапіскі і сустрэчы са сваякамі Коласа, а таксама сотні запісаных успамінаў урэшце далі вынік.
У выніку даследаванняў атрымалася выдаць некалькі брашур і апублікаваць шэраг артыкулаў пра Пінкавічы. Адно з цікавых выданняў – “Успаміны Марыі Хіхлюк”. Акрамя гэтага, Калоша падрыхтаваў “Энцыклапедыю Пінкавічаў”, так ён называў рукапіс падрабязнай гісторыі сяла. На жаль, выдаць пры жыцці не здолеў. Кніга “Пінкавічы і Вішавічы : мінулае і сучаснае” пабачыла свет у 2019 годзе, дзякуючы ўдзячным вучням.
У лістападзе 1990 года адбылося ўрачыстае адкрыццё літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа. Без перабольшвання трэба сказаць, што Калоша ўклаў у музей душу. Да 2003 года з’яўляўся дырэктарам установы і асабіста праводзіў экскурсіі.
“Што адчувае маці, калі ў яе забіраюць сына? Тое ж адчуваю, і я”, – такім быў адказ Калошы на пытанне аўтара гэтых радкоў, як яму пакідаць музей. Так, вядома, яму было ўжо за 70 гадоў, але чалавек жыў гэтым, а пасля пачаў згасаць. Мяркую, што ёсць шэраг прафесій, дзе разумення пенсіі не павінна быць.
Іван Калоша знайшоў адвечны спачын на пінскіх гарадскіх могілках, што ў вёсцы Пасянічы Пінскага раёна.
“Вядома, пенсія яго падкасіла, хоць лічыцца, што гэта ганаровы, заслужаны адпачынак, але яму праца была адпачынкам. Тым больш, што гэта яго стварэнне, я яго разумею, – падзялілася Таццяна Хвагіна, аўтар шэрагу папулярных выданняў пра Пінск. – Але заўсёды і ўсяму ёсць канец. З гэтым ён відавочна не пагадзіўся і зачыніўся ў сабе. Як бы там ні было, ён стварыў музей, і гэта сапраўды вялікая справа. Ведаеце, бываюць музеі велізарныя, такія багатыя, але там няма таго, што ўдалося Калошы. Асаблівая атмасфера, душа стваральніка ў ім”.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя