Пра пачынальніка беларускай літаратуры згадалі ва Украіне



У Ковелі выйшла з друку кніга ўкраінскай пісьменніцы Любові Яўтушык “Сповідь серця” («Споведзь сэрца»). На старонках гэтага выдання змешчаны вялікі артыкул Сяргея Чыгрына са Слоніма пра пачынальніка беларускай літаратуры Кандрата Лейку (1860-1921), які большую палову жыцця пражыў ва Украіне. На ўкраінскую мову артыкул пераклала Любоў Яўтушык і надрукавала яго ў сваёй кнізе.

Кандрат Лейка быў родам са Слонімскага павета. Свае першыя вершы па-беларуску напісаў і апублікаваў ажно ў 1883 годзе. Пісаў таксама прозу і драматычныя творы. У 1912 годзе ў Вільні выдаў асобнай кніжачкай п’есу “Снатворны мак”. Яна паклала пачатак беларускай нацыянальнай драматургіі для дзяцей.

У 1884 годзе Кандрат Лейка пераехаў у Харкаўскую вобласць. Працаваў начальнікам вучылішча для сляпых дзяцей. Потым выкладаў рускую мову ў Елізаветградскім камерцыйным вучылішчы. Жыў таксама ў горадзе Валкі Харкаўскай губерні, а таксама на Палтаўшчыне. Апошнія гады жыцця правёў у Здалбунаве Ровенскай вобласці, дзе і пахаваны.

Жывучы ва Украіне, Кандрат Лейка падтрымліваў цесныя сувязі з Бацькаўшчынай, друкаваўся ў “Нашай ніве”, беларускіх календарах, “Гомане”, “Беларускай думцы”, “Нашай думцы”. Сябраваў і перапісваўся з Янкам Купалам, Гальяшом Леўчыкам, Лявонам Дубяйкоўскім і іншыя беларускімі дзеячамі.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя