Пра рай Адама Міцкевіча пад Нясвіжам



Свет пабачыў пяты нумар электроннага краязнаўчага, літаратурна-мастацкага часопіса “Нясвіжскія каеты”, які выпускае Нясвіжская раённая арганізацыя ТБМ.

Шмат матэрыялаў у нумары прысвечана юбілейным датам: 120-годдзю з дня нараджэння паэта Уладзіміра Жылкі, 115-годдзю з дня нараджэння мастака Міхася Сеўрука, 25-годдзю Нясвіжскага краязнаўчага музея і 90-годдзю паэтэсы Станіславы Вятр-Партыкі.

Вельмі цікавым з’яўляецца матэрыял пра падзеі вакол “каменя Адама Міцкевіча”, знойдзенага ў вёсцы Студзёнкі Нясвіжскага раёна. Вось што прыгадваў ксёндз Ежы Каліноўскі (1859-1930):

“Студзёнкі – цудоўная сядзіба, аднапавярховы дом, невялікі, але выгодны, прыгожа аздоблены, з хатняй капліцай. Тры гасцёўні ў рад: першая ад вітальні, сярэдняя і трэцяя ад саду з цалкам зашклёнай сцяной. Летам з яе адкрываўся від на рознакаляровыя кветкі, узімку – на белую роўнядзь. Заўжды ў той гасцёўні было светла, цёпла і прыемна. Капліца была з другога боку дома.На захад ад дома распасцерліся дзве вялікія сажалкі, злучаныя між сабой рэчкай. Гэтыя сажалкі Адам Міцкевіч апісаў у паэме „Пан Тадэуш”. На поўдзень і на ўсход – вялікі прыгожы парк з рознымі мясцовымі дрэвамі: стогадовыя дубы, ліпы, лістоўніцы, хвоі, грабы і сціплыя, але так прыгожыя сваёй белай карой і срэбным лісцем бярозы, кусты бэзу, язміну і руж, і ўсё гэта… на лужку з люстранымі шыбамі сажалак, з рэчкай, што ўецца як вуж па траве, з акуратна перакінутымі масткамі праз гэту рэчку, рабілі Студзёнкі малым зямным раем. Так азначыў Міцкевіч, які наведаў Студзёнкі і ў альбоме гаспадыні напісаў гэтыя словы:

” Ева рай страціла, Ты ж яго, пані, стварыла”. („Ewarajutracila, Tysgo, pani, stworzyla”.)

Публікуюць “Нясвіжскія каеты” пачатак кнігі В.Акулы “На паўднёвы захад ад Мінска”, працяг успамінаў Вікторыі Жукевіч-Дзівоты “Даніна памяці”, споведзь Васіля Драгаўца “Запозненае прызнанне”, працяг трылогіі Уладзіслава Станіслава Рэйманта “1794” і шмат іншых разнастайных матэрыялаў і даследаванняў. Поўнасцю свежы нумар выдання і ранейшыя нумары можна прачытаць на сайтах: belkiosk.by, nslowa.by, pawet.net, kamunikat.org.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя