Пра тое, што Юрыя Лазы не існуе
На дварэ 21 стагоддзе. А некаторыя дагэтуль працягваюць верыць, што зямля плоская. А вось постсавецкі спявак Юры Лаза не толькі перакананы, што зямля плоская, але яшчэ і заявіў, што космасу не існуе. Ага, а Млечны шлях – гэта тады, як у старажытных грэкаў, грудное малако багіні Геры. А ноч наступае, бо хтосьці выключае святло.
Юры Лаза вядомы хіба толькі постсавецкім людзям. І тое хіба адной ягонай песняй, якая называецца “Плот”. Затое ён стаў вядомы як адэпт меркавання, што зямля плоская. Падавалася, яшчэ ў 6 стагоддзі старажытнагрэчаскі філосаф і матэматык Піфагор Самаскі высунуў тэорыю аб шарападобнасці зямлі. Пасля яго былі Арыстоцель, Шыракацы, Капернік, Галілей і шмат сучасных фізікаў і астраномаў. А яшчэ маюцца тэлескопы. Урэшце касманаўты. Аднак Юры Лаза гэтаму ўсяму не верыць. Ён нават не верыць, што Гагарын лятаў у Космас. Маўляў, усе здымкі адбываліся ў павільёне. Ну, тады зоркі, відаць, таксама нехта намаляваў і павесіў зверху над плоскай зямлёй. І самае цікавае, Юры Лаза вучыўся на геаграфічным факультэце Казахскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Праўда, кінуў вучобу. Што ні дзіўна: з такімі поглядамі цяжкавата вывучаць геаграфію. Карацей, як жартуюць інтэрнэт-карыстальнікі, Космас заявіў, што Юрыя Лазы не існуе.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя