Прадаецца палац Радзівілаў у Дзятлаве
У цэнтры Дзятлава прадаецца палац Радзівілаў за 145 рублёў. Гадоў сем назад пачатковы кошт палаца быў каля двух мільярдаў беларускіх рублёў, але ніхто яго так і не купіў.
На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна знаходзяцца 40 помнікаў архітэктуры, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Сярод іх — будынак былога палаца Радзівілаў.
Мураваны палац былога маёнтка Радзівілаў стаіць на беразе гарадскога возера. Першапачаткова ў 1508 годзе Канстанцінам Астрожскім на гэтым месцы была пабудавана драўляная крэпасць. Аднак у час Паўночнай вайны яна была разбурана. Тады ў замку знаходзілася штаб-кватэра Пятра І. Пасля Паўночнай вайны і да 90-х гадоў XVIII стагоддзя Рэч Паспалітая не ўдзельнічала ў войнах, што садзейнічала аднаўленню і развіццю гаспадаркі. У XVIII стагоддзі крэпасці ўжо страцілі сваё абарончае значэнне, таму на месцы драўлянай цытадэлі па фундацыі Дамініка і Мікалая Фаустына Радзівілаў у 1751 годзе архітэктарам Д.Фантана была пабудавана новая каменная рэзідэнцыя.
Сядзібны комплекс уключаў палац, гаспадарчыя пабудовы, парк. Палац уяўляў сабою двухпавярховы прамавугольны будынак на высокім цокалі. Спачатку ён меў высокі дах і па баках — трох’ярусныя вежы. На франтоне галоўнага фасада палаца Радзівілаў захавалася арнаментальна-геральдычная пластыка: ляпны гербавы картуш князёў Радзівілаў, партрэтныя барэльефныя медальёны, звівы лісця, гірлянд, драпіровак. Па перыметры будынак упрыгожаны міжпавярховым і завершаным карнізамі. Яшчэ ў пасляваенны час у нішах палаца знаходзіліся скульптуры. Знешні выгляд палаца быў значна зменены сучаснымі прамавугольнымі вокнамі, якія раней мелі ўрачыстую арачную форму.
У канцы ХVIII стагоддзя вакол палаца быў створаны парк у англійскім стылі. Парк упрыгожвала архітэктура малых формаў: масты, павільёны, альтанкі.
Пасля ўдзелу апошняга ўладальніка Дзятлава Адама Солтана ў паўстанні 1831 года, палац Радзівілаў перайшоў у дзяржаўную ўласнасць. Спачатку будынак быў прыстасаваны пад шпіталь, потым – пад кавалерыйскую казарму. На пачатку ХХ стагоддзя ў палацы знаходзілася дзвюхкласная школа, а ў 1930-я гады быў сіроцкі дом для дзяўчынак. У пасляваенны перыяд палац Радзівілаў быў прыстасаваны пад медыцынскую ўстанову. Цяпер ён пустуе.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава
Фота аўтара