„Прадмова” ў Гародні. 7 сакавіка



Вялікі дэсант беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, перакладнікаў, выдаўцоў наведае Гародню 7-га сакавіка. У „Цэнтры гарадскога жыцця”, што па вуліцы Кірава, дом 3, пройдзе фэст інтэлектуальнай кнігі „Pradmova”. У Гародні гэта будзе працяглая і шматузроўневая імпрэза, якая зацікавіць людзей усіх узростаў, якія любяць чытаць.

Кажа Сяргей Герман, каардынатар фэсту ў Гародні:

– На пачатку будзе прэзентацыя дзіцячых часопісаў, якія выдае “Наша Ніва”. Гэта “Дуду” і “Асцярожна, дзеці”. Гэта ўсё будзе прадстаўляць Аляксей Шэін. Прыедзе Ганна Янкута са сваёй новай кнігай “Кот Шпрот і магічнае крэсла”, гэта працяг гісторыі. І будзе добрая нагода пабачыць гэты працяг і паўдзельнічаць у гэтай гісторыі, стаць часткаю гісторыі пра Ката Шпрота. І натуральна адна з галоўных падзей у беларускай літаратуры канца мінулага года – гэта “Гары Потэр. Філасофскі камень” па-беларуску.  

Фэст „Pradmova” пачнецца ў суботу, сёмага сакавіка ад 12-ай гадзіны. А завершыцца шэрагам дыскусіяў і музычных выступаў а 20.30. У дыскусіях прымуць удзел вядомыя дзеячы літаратуры Уладзімір Арлоў, Сяргей Дубавец, Марыя Мартысевіч, Аляксандр Фядута, Андрэй Хадановіч.

ПРАГРАМА:

12.00-12.30 Прэзентацыя дзіцячых часопісаў “Дуду” і “Асцярожна: дзеці!” з Аляксеем Шэіным. 12.30-13.15 “Кот Шпрот і магічнае крэсла”: Ганна Янкута і Марына Шода з арыгінальнымі і перакладнымі кнігамі для дзяцей. 13.15-13.45 “Гары Потэр” па-беларуску. Дыскусія пра кнігу з удзелам перакладчыцы Алены Пятровіч і выдаўца Андрэя Янушкевіча.

14.00-14.30 Сяргей Астраўцоў з кнігай “Спадар Свабода. Жыццё і смерць Ігара Герменчука”. Мадэратар Сяргей Дубавец. 14.30-14.45 Прэзентацыя кнігі “Уводзіны ў філасофію” з яе ўкладальнікам Паўлам Баркоўскім.

14.45-15.30 Модны Купала, свойскі Анегін: якіх “сюпрызаў” чакаць ад класікаў? Размова з Ганнай Севярынец і Аляксандрам Фядутам. Мадэратарка Ганна Янкута. 15.30-16.20 Чатыры кнігі паэзіі: Валянціна Аксак “Кава ў арліным гняздзе”, Артур Камароўскі “Вада пачынае жыць”, Марыя Мартысевіч “Сарматыя”, Галіна Сіўчанка “Зоў звычаю”.

16.30-17.20 Лекцыя Сяргея Харэўскага „Зачараваныя рэвалюцыяй: лёсы мастакоў Беларусі пасля рэвалюцыяў 1917 года. Да стагодзя УНОВИС”. 17.20-17.40 “Нататкі кантрабандыста” Віктара Сазонава. 17.40-18.40 “Кантрабандысты планеты”: замежная паэзія і проза па-беларуску. З удзелам Ігара Крэбса, Марыі Пушкінай, Андрэя Хадановіча, Марыны Шоды і Ганны Янкуты. Прэзентацыя новага перакладу “Каханка Вялікай Мядзведзіцы” Сяргея Пясецкага.

18.50-20.10 Уладзімір Караткевіч і “філасофскі камень”. Дыскусія з удзелам Уладзімера Арлова, Сяргея Дубаўца, Марыі Мартысевіч, Аляксандра Фядуты. Мадэратар Андрэй Хадановіч. 20.10-20.30 “Улюбёныя паэты Віктара Шалкевіча”: аўтарскі перформанс. 20.30 Паэтычна-музычны ДЖЭМ. Музыкі: Уладзь Лянкевіч і Эрык Арлоў-Шымкус. Аўтары: Уладзімір Арлоў, Дар’я Бялькевіч, Тацяна Нядбай, Ілля Сін, Андрэй Хадановіч ды іншыя.

АЎТОГРАФ-СЕСІІ:

13.45 Ганна Янкута, Алена Пятровіч і Гары Потэр. 14.30 Сяргей Астраўцоў. 15.30 Ганна Севярынец і Аляксандр Фядута. 16.00 Валянціна Аксак і Артур Камароўскі. 18.40 Марыя Пушкіна з Сяргеем Пясецкім, перакладчыкі “Паэтаў планеты”. 20.10 Уладзімір Арлоў.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя