Прадстаўнік Беларусі выступіць у першым паўфінале „Еўрабачання-2018”



Прадстаўнік Беларусі выступіць у першай частцы першага паўфіналу міжнароднага конкурсу песні „Еўрабачанне-2018”, які адбудзецца 8 траўня.

29 студзеня адбылася жараб’ёўка размеркавання краін-удзельніц па двух паўфіналах конкурсу. Так, у першым з іх разам з прадстаўніком Беларусі будуць выступаць выканаўцы з Балгарыі, Літвы, Албаніі, Чэхіі, Бельгіі, Ісландыі, Азербайджана, Ізраіля, Эстоніі, Швейцарыі, Фінляндыі, Аўстрыі, Ірландыі, Арменіі, Кіпра, Харватыі, Грэцыі і Македоніі.

Другі паўфінал адбудзецца 10 траўня, барацьбу за выхад у фінал у ім павядуць артысты з 18 краін.

Міжнародны конкурс песні „Еўрабачанне-2018” пройдзе ў Лісабоне (Партугалія). Яго фінал намечаны на 12 траўня.

Фінал нацыянальнага адбору на „Еўрабачанне-2018” адбудзецца ў тэлеэфіры 16 лютага. Удзельнік, які набярэ найбольшую колькасць балаў па выніках галасавання прафесійнага журы і гледачоў, будзе аб’яўлены пераможцам праекта і стане афіцыйным прадстаўніком Беларусі на песенным форуме.

belta.by