Праект “Беларускамоўныя” – у Віцебску



Віцебск стаў першым горадам, дзе культурніцкая пляцоўка “Арт-сядзіба” прэзентавала свой праект “Беларускамоўныя”. І не проста прэзентавала, а правяла сустрэчу з двума жыхарамі гораду, якая глядзелася як сапраўднае шоў.

Наведнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з дырэктарам арт-пабу “Торвальд” Віталём Броўкам і арганізатарам гарадскіх культурніцкіх падзей Уладзімірам Булаўскім. Абодва яны – прынцыпова беларускамоўныя ў побыце. І абодвух добра ведаюць у Віцебску. На думку кіраўніка “Арт- сядзібы” Алеся Снега, гэткае спалучэнне можа  добра стымуляваць да пераходу на родную мову:

– У 2018-м годзе мы запусцілі такую праграму, дзе запрашаем на сцэну двух людзей, і яны распавядаюць, як перайшлі на беларускую мову. Выбіраем збольшага вядомых людзей. Гэтым сваім праектам мы хочам заахвоціць людзей, пазбавіць іх розных стэрэатыпаў, што па-беларуску размаўляць складана, што праз гэта бываюць нейкія праблемы. Увогуле праз гэтыя нашы сустрэчы мы хочам змяніць сітуацыю ў краіне з мовай.

Да герояў праграмы было шмат пытанняў, большасць з іх – пра тое, як рэагуюць на беларускую мову іншыя людзі. Аказалася, найчасцей рэагуюць пазітыўна, і гэта невыпадкова, лічыць адна з наведніц імпрэзы:

– Калі на мове размаўляюць сапраўды прыгожыя, паспяховыя людзі, то хочацца быць такімі, як яны. Гэта ўжо не страшна, не сорамна, а насамрэч модна і насамрэч прыцягальна.

Паводле кіраўніка “Арт- сядзібы”, ідэю праводзіць сустрэчы з паспяховымі, аўтарытэтнымі носьбітамі беларускай мовы некалі прапанавала менавіта віцебская моладзь. І калі ў Віцебску або ў якім-небудзь іншым горадзе знойдуцца ахвотныя рыхтаваць і праводзіць падобныя сустрэчы,  “Арт-сядзіба” абавязкова падзеліцца досведам. А калі знойдуцца ахвотныя падтрымаць праект грашыма, то гэта можна зрабіць на платформе molamola.by.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя