Праект “ReBrest” да 1000-годдзя Берасця



Культурна-асветніцкая ўстанова “ГРУНТ БУДУЧЫНІ” разам з партнёрамі рыхтуюць праект пад назвай “ReBrest” да 1000-годдзя Берасця. Яны збіраюцца аднавіць страчаную архітэктурную спадчыну старога горада, на месцы якога зараз знаходзіцца мемарыяльны комплекс Берасцейская крэпасць-герой. Інструментарый, з дапамогай якога неабыякавыя збіраюцца рэалізаваць праект, – гэта тэхналогіі дапоўненай рэчаіснасці. Такім чынам чалавек з дапамогай гаджэтаў і адмысловага прыкладання падчас шпацыру зможа пабачыць той ці іншы ўжо страчаны будынак старога горада на месцы, дзе раней ён знаходзіўся.

Падрабязней кажа адзін з аўтараў ідэі і кіраўнік “ГРУНТА БУДУЧЫНІ” Віктар Клімус:

– Тэхналогіі дапоўненай рэчаіснасці дазваляюць не толькі ганяцца за рознымі пакемонамі, з іх дапамогай можна рэканструяваць страчаныя архітэктурныя помнікі як у рэальную велічыню і з прывязкай да іх сапраўднай лакацыі, так і рабіць маштабныя мадэлі, якія можна разглядаць хоць у сябе на стале. Засталося зусім няшмат для таго, каб кожны ахвочы змог скарыстацца мабільным прыкладаннем “ReBrest”. І кожны з нас зараз можа пасьпець зрабіць свой унёсак на тое, каб па-першае, яго запуск адбыўся як мага хутчэй, а па-другое, каб у прыкладанні было больш і макетаў аб’ектаў, і карысных для вас функцый. Я заклікаю ўсіх па меры магчымасці проста скінуцца на падарунак нашаму любімаму Берасцю, а найперш на падарунак нам самім – яго жыхарам і гасцям.

Старое Берасце, якое сучаснікі называлі “літвінскай Венецыяй”, канчаткова было знішчана расейскімі ўладамі ў 1830-х гадах падчас будаўніцтва Берасцейскай крэпасці. Сам горад быў перанесены на “дзьве вярсты” на ўсход, дзе і знаходзіцца зараз. Цягам апошніх дзесяцігоддзяў, дзякуючы працам навуковых даследчыкаў, архітэктараў і мастакоў удалося рэканструяваць частку будынкаў і планіроўкі старога Берасця ў выглядзе макетаў і графічных мадэляў.

Дапамагчы праекту “ReBrest” і даведацца пра яго больш можна на адымсловай старонцы ў facebook. Там ужо прадстаўленыя першыя напрацоўкі на шляху да рэалізацыі праекту.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота: скрыншот з відэа