Праект ёсць, а грошай надалей няма
Распрацаваны праект рэканструкцыі палацава-паркавага комплекса Свяцк, які прадугледжвае стварэнне ў былым маёнтку Валовічаў гатэля, міні-бровара і сучаснага SPA-комплекса.
Санаторый “Азёрны”, якому належыць помнік архітэктуры другой паловы XVIII – пачатку XIX стагоддзяў, не ў стане самастойна ажыццявіць рамонтна-будаўнічыя працы. На думку гісторыка Генадзя Семенчука, у сучасных умовах зрабіць гэта будзе даволі складана:
– Адной з важнейшых праблемаў ёсць тое, што калі інвестар набывае ў прыватную ўласнасць будынак, то ён не набывае ва ўласнасць зямлю. Няхай сабе і шматгадовая, але гэта арэнда. Таму, натуральна, інвестар шмат разоў падумае, ці варта інвеставаць яму. Або такі інвестар павінен быць настолькі багатым, каб гэта рабіць, або быць блізкім, магчыма, да ўлады, каб узяць на сябе такі цяжар.
Паводле папярэдніх падлікаў, на ажыццяўленне рэканструкцыі палаца Валовічаў неабходна больш дваццаці мільёнаў даляраў. Помнік архітэктуры, пабудаваны знакамітым італьянскім архітэктарам Джузэпэ дэ Сакко, на працягу дзесяцігоддзя прыходзіць у заняпад, у сувязі з чым кошт яго аднаўлення з кожным годам узрастае.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня