Праграма «Падарожжа дылетанта» пераязджае ў замежжа
Закрыты паказ надзвычайнага выпуска вядомай праграмы «Падарожжа дылетанта» адбудзецца 31 студзеня ў Менску. Наведвальнікі паказу з першых вуснаў даведаюцца, чаму Юрый Жыгамонт вырашыў з’ехаць з Беларусі, як на гэта паўплываў Францыск Скарына, а таксама ці дылетант вернецца да падарожжаў па нашай краіне.
Распавядае адна з арганізатараў мерапрыемства Катажына Валкоўская:
– Гэта будзе закрыты паказ, таму што Юрый Жыгімонт анансуе незвычайную праграму “Падарожжа дылетанта”. Яна будзе прысвечана Беларусі, але не з беларускай зямлі, як гэта робіцца звычайна Юрыем Жыгімонтам. Ён паедзе ў еўрапейскую сталіцу, пакуль не можам сказаць у якую. Мы прэзентуем новае месца, куды пераедзе праграма “Падарожжа дылетанта” і адкуль яна будзе выходзіць.
«Падарожжа дылетанта» – аўтарская праграма акцёра Юрыя Жыгамонта, якая выходзіла найперш на беларускім тэлебачанні, а з 2016 году выходзіць у інтэрнэце. Няўтаймаваны вядоўца-вандроўнік у капелюшы ездзіць па Беларусі, каб распавесці гледачам цікавыя гісторыі пра яе слаўныя мясціны, як правіла, напаўзабытыя.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя