“Прагулка з Пушкіным”. Карціна і мастацкая акцыя



Мастак Алесь Пушкін, які з 1991 па 1997 гады жыў у Віцебску, запрасіў сваіх тутэйшых знаёмых на супольную прагулку і мастацкую акцыю. Віцебскія сябры сустрэлі мастака на вакзале і прайшлі разам з ім па тых мясцінах, якія засталіся для Алеся Пушкіна знакавымі ў Віцебску. Кожны такі аб’ект ён дамалёўваў на карціне, якую прывёз з сабой у незавершаным выглядзе.

У Віцебск Алесь Пушкін трапіў па сканчэнні Акадэміі мастацтваў, і многія лічылі яго гарадскім дзіваком. Ягоны незвычайны выгляд згадвае найстарэйшы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда:

– Я звяртаў увагу: ідзе па горадзе чалавек, а ў яго такі саламяны капялюш, а на ім пяро. Гусінае, ці якое. Вельмі было цікава, і я ўсё думаў: што за такі дзівосны чалавек. Я спачатку не ведаў, што ён мастак. Толькі потым даведаўся, што мастак, Алесь Пушкін. Пазнаёміліся з ім.  Тады ўсе ведалі галерэю “У Пушкіна”. Там заўсёды збіралася нацыянальна-патрыятычная інтэлігенцыя.

Мастак прыгадвае свае віцебскія гады з цеплынёй. Таму і вырашыў стварыць карціну, прысвечаную гэтаму гораду. А заадно зладзіць своеасаблівы перформанс, кажа Алесь Пушкін.

 

– Прайшліся з людзьмі па Віцебску. За гэты час дамалявалі нешта. Дабаўлялі дэталі маршруту, якія важныя для маёй творчай біяграфіі ў Віцебску. Гэта і Шагалаўскі цэнтр, і домік Шагала, і УНОВІС, і ратуша, і майстэрня, і мая галерэя, і вуліцы Ўзгорская, Замкавая, гэта і Задзвінне…  Гэта ўсе тыя кропкі, каторыя мне памятныя, і каторых я ніколі не забуду.

Карціна “Прагулка з Пушкіным” застанецца на памяць гораду, дзе адбывалася сталенне і станаўленне маладога мастака. Гэты твор падораны арт-пабу “Торвальд”, дзе ўбачыць твор сучаснага мастацтва зможа кожны ахвотны.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя