Прайшлі суды над удзельнікамі гурта «Рэха» 



Гурт «Рэха» пад арыштам. Сілавікі выцягнулі чатырох музыкаў з таксоўкі пасля чарговага дваравога канцэрту. Гэта адбылося ў мінулую суботу.

У аўторак над Андрусём Такіндангам, Леанідам Паўлёнкам, Кастусём Лісецкім і Ігарам Асідчанкам прайшлі судовыя працэсы ў дыстанцыйным рэжыме. Кожнаму прысудзілі па 15 сутак арышту за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Да суду гурт знаходзіўся ў адной камеры разам, паведаміў іх сябар, музыка Ягор Квартальны:

 – Па стане на сённяшнюю раніцу ведаем, што хлапцоў найхутчэй ужо раздзялілі. Лёню адправілі ў Жодзіна – гэта больш-менш дакладная інфармацыя. Па іншых хлопцах пакуль 100% інфармацыі няма. Чакаем на падрабязнасці. Сочым за развіццём падзей.

 Як толькі стане вядома, куды канкрэтна змешчаныя музыкі «Рэха» для адбыцця арышту, у суполках гурту з’явяцца адрасы для паштовак і банкаўскія рэквізіты для грашовай падтрымкі.  

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Гутарыў Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя