Прапанавана абвясціць 2018 год Годам Максіма Гарэцкага



Прадстаўнікі інтэлігенцыі прапанавалі абвясціць 2018 год у Беларусі Годам Максіма Гарэцкага. Ініцыятыва прагучала 23 чэрвеня ў магілёўскай ратушы на рэспубліканскім круглым стале, прысвечаным пытанням музеефікацыі літаратурных месцаў. У мерапрыемстве бралі ўдзел каля 20 чалавек: гісторыкі, грамадскія актывісты, журналісты, прадстаўнікі ўлады.

Круглы стол у Магілёве прайшоў у межах XXV Міжнароднай навукова-практычная канферэнцыі „Гарэцкія чытанні”, адбылася 22 чэрвеня ў Мсціслаўскім раёне. На наступны дзень яе ўдзельнікі наведалі Літаратурны музей імя Максіма Гарэцкага на яго радзіме ў вёсцы Малая Багацькаўка. На думку тых, хто сабраўся, музей, нягледзячы на тое, што там ужо працяглы час адсутнічае загадчык, знаходзіцца ў нармальным стане і не выклікае непакою. Каб ён займеў больш наведвальнікаў, неабходна развіваць турыстычныя маршруты, заявіў адзін з мадэратараў круглага стала, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Дзмітрый Яцкевіч. Ён таксама паведаміў, што музей на цяперашнім месцы будзе функцыянаваць і ў будучыні — пытанне яго пераносу ў Мсціслаў ужо знятае.

Зрабіць музей у Малой Багацькаўцы музеем рода Гарэцкіх прапанаваў старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп. На яго думку, падобныя музеі ствараюць у маладога пакалення большую павагу да сваіх продкаў, стымулююць вывучэнне гісторыі роднага краю. Ён крытычна выказаўся адносна пераносаў музеяў, бо тым самым „знішчаецца культурная біяграфія”.

Заклікаў СМІ больш кваліфікавана асвятляць музейную тэму старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Паводле яго слоў, музей у Малой Багацькаўцы цікавы, знаходзіцца ў здавальняючым стане і чакае наведвальнікаў. Для таго каб як мага больш жыхароў Магілёўскай вобласці наведвала яго, трэба весці працу з мясцовымі турыстычнымі агенцтвамі.

Дысанансам з меркаваннем большасці прагучалі словы дырэктара Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Віктара Аненкава. Ён лічыць, што музей Максіма Гарэцкага пакідае гнятлівае ўражанне. Паводле яго слоў, гэты музей, як і ствараны музей Алеся Адамовіча ў Глушы Бабруйскага раёна, не будзе выконваць сваіх задач. Прычыну ён бачыць у адсутнасці мемарыяльнай калекцыі і аўтэнтычных экспанатаў. Каб захоўваць памяць, не абавязкова ствараць музей у аддаленых вёсках, бо ёсць магчымасць усталяваць там помнік ці мемарыяльную дошку, сказаў Аненкаў.

Нягледзячы на супрацьлегласць меркаванняў, удзельнікі круглага стала падтрымалі праект рэзалюцыі, прыняты на канферэнцыі. У ёй, у прыватнасці, прапануецца абвясціць 2018 год у Беларусі Годам Максіма Гарэцкага, бо ў наступным годзе спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння пісьменніка. Акрамя таго, неабходна распрацаваць план мерапрыемстваў, прысвечаных гэтаму юбілею, выдаць аднатомны энцыклапедычны даведнік „Максім Гарэцкі”, арганізаваць шэраг экскурсій па месцах, звязаных з жыццём пісьменніка, выдаць да юбілейнай даты паштовую марку і канверт.