„Прарыў” Ніны Пілюзінай



Сваю персанальную выставу, якая адкрылася ў сталічным Палацы мастацтваў, Ніна Пілюзіна назвала “Прарыў”. Які падтэкст яна ўклала ў гэтую назву, я не ведаю. Але асабіста ўспрымаю яе як прарыў беларускага габелену з майстэрняў і фондаў – да гледача. Далёка не лепшыя для габелену былі мінулыя 20 гадоў. І толькі сёлета нарэшце ўвага пачала вяртацца. Спачатку ў Полацку адкрылася выстава Таццяны Козік „Выспа”, затым персанальная выстава Святланы Баранкоўскай “Рад№0” ў Менску, потым вялікая калектыўная выстава ў Віцебску “Знітаванне” і вось “Прарыў” Ніны Пілюзінай.

10DSCN0055

Ніна Пілюзіна – адна з самых вядомых габеленшчыц Беларусі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Яе творы захоўваюцца ў шматлікіх музеях і прыватных калекцыях. Нарадзілася яна ў 1944 годзе ў вёсцы Доўгавічы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыла Глебаўскую мастацкую вучэльню і тэатральна-мастацкі інстытут. Пра творчасць Ніны Пілюзінай зняты документальны фільм «Безыменная таямніца». У 2010-2011 гадах яна кіравала працай над копіей ўнікальнага габелена XVII ст. (арыгінал захоўваецца ў г.Небароў, Польша), які быў прысвечаны Мікалаю Радзівілу Чорнаму, для Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля.

Ніну Пілюзіну мастацтвазнаўцы называюць глыбока нацыянальнай мастачкай. Барыс Крэпак напісаў у рэцэнзіі на адну з выстаў габеленшчыцы, што ўмоўнасці яе “метафарычнага мыслення такія ж натуральныя, як і родныя мова”.

Цікава, што на выставе, прысвечанай 95-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, якая адбылася ў 2013 годзе ў менскай сядзібе Партыі БНФ, экспанаваўся габелен спадарыні Ніны з нацыянальнай сімволікай — бел-чырвона-белым сцягам і гербам Пагоня”. Гэты габелен да 1995 года ўпрыгожваў будынак сельсавету, дзе жыла мастачка. Цяпер ён зноў захоўваецца ў Ніны Пілюзінай. Але мастачка верыць у тое, што прыйдзе час і той габелен стане музейным экспанатам.

На выставе таксама экспануюцца акварэлі і батыкі мастачкі.

[Not a valid template]

Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя. Фота Таццяны Козік.