«Прасвет»: выстава Ігара Марачкіна ў Глыбокім



«Прасвет»  – выстава жывапісу мастака Ігара Марачкіна адкрылася ў Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай  культуры і народнай творчасці. Гэта яго першая персанальная выстава ў горадзе, але год таму ён выстаўляўся там разам з бацькам Аляксеем Марачкіным. Тады выстава была прымеркаваная да юбілею з дня нараджэння  Язэпа Драздовіча.

Наведвальнікі  былі ўражаныя назвай выставы і задавалі пытанні мастаку пра яе падтэкст.

 

Як сказаў Ігар Марачкін, назву выставе прыдумала яго жонка Ірына. Да таго ж яна адпавядае і назве карціны, на якой ён адлюстраваў вясковую лазню з акенцам-прасветам.

– Працы ўвогуле цяжка апісваць словамі. Трэба бачыць. Таму я ў першую чаргу хацеў бы запрасіць людзей, каб яны прыйшлі, наведалі выставу. І ўбачылі на самой справе, што такое прасвет для нас, для беларусаў, у нашым жыцці. Таму я і назваў «Прасвет»  – у сэнсе і „прасвет” і „пра свет”.

Падчас выставы Ігар Марачкін правёў невялікі экскурс па экспазіцыі і распавёў прысутным пра гісторыю стварэння кожнай  карціны.  Наведвальнікі засталіся пад добрым уражаннем:

– Сама выстава, тое, як расказаў нам Ігар пра карціны, пра выставу. І здаецца мне, той, хто яго больш ведае, ці хто толькі першы раз пабачыў, думаю, заўважае, які ён сам па сабе не толькі выдатны мастак, але які ён чалавек. Ён далікатны, чулы, вельмі сціплы, уважлівы да людзей. Вось гэта адчуваецца ў яго працах.

– Выдатная выстава! Вельмі шмат карцін цікавых, нечаканых, то бок не толькі ў стылі рэалізму, але і , магчыма нават, у стылі нейкага філасофскага рэалізму.

Выстава была зладжаная пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў і творчай суполкі “Пагоня”. У Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай  культуры і народнай творчасці яе можна будзе наведаць з 8 00 да 17.00 штодзённа, акрамя суботы і панядзелка.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя