Працягваецца дыскусія адносна выкарыстання металадэтэктараў



Беларускі парламент мае намер прыняць закон аб абмежаванні выкарыстання металадэтэктараў. У сувязі з гэтым “чорныя капальнікі” могуць апынуцца па-за законам і несці адказнасць за свае дзеянні. Найбольш актыўна супраць выкарыстання металадэтэктараў выступаюць прадстаўнікі акадэміцкай супольнасці, якія па словах кандыдата гістарычных навук Мікалая Плавінскага кіруюцца адстойваннем дзяржаўных інтарэсаў:

– У краіне велізарная колькасць металадэтэктараў на руках. Маса прыкладаў разбурэння вядомых археалагічных помнікаў, якая стаяць на ахове ў дзяржавы. Гэта праблема не проста нейкага лакальнага маштабу, адна з самых вялізных праблемаў у сённяшняй сітуацыі захвання гісторыка-культурнай спадчыны.

 Ян Лялевіч, гісторык, краязнаўца: Рэальна архітэктурна-археалагічныя помнікі, тымі, хто мае іх абараняць, не абараняюцца. Руйнуюцца цэлыя кварталы гістарычнай забудовы. Экскаватарамі, калі трэба пашырыць ворныя землі, руйнуюцца курганныя могільнікі, гарадзішчы выкарчоўваюцца. Тут трэба пашыраць адказнасць.

Віктар Какарэка, старшыня праўлення Беларускага нумізматычнага таварыства: З аднаго боку мы прымем строгі закон, а з іншага боку на месцах хто будзе яго кантраляваць? Міліцыя? Яна не зацікаўленая. Гэта не яе справа. Стварыць нейкую археалагічную паліцыю? Гэта сур’ёзнае выдаткаванне сродкаў.

Ініцыятарам прыняцця закона аб адказнасці для асобаў, якія выкарыстоўваюць металадэтэктары, з’яўляецца прафесар Ігар Марзалюк. Навуковец лічыць, што дзеянні “чорных капальнікаў” нясуць пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны.

Беларускае Радыё Рацыя