Працягваецца марафон салідарнасці з кнігарняй “Логвінаў”



Кнігарню спачатку пазбавілі ліцэнзіі на распаўсюд кніг, а Міністэрства інфармацыі шэсць разоў адмаўляла ў гэтай ліцэнзіі. Пазней суд за яе адсутнасць наклаў на кнігарню вялізны штраф: “Логвінаў” мае выплаціць 961 мільён рублёў. Адразу пачалася шырокая кампанія падтрымкі гэтай культурніцкай пляцоўкі. Літаратар і выдавец Алесь Аркуш прыгадвае, што ў кнігарні “ЛогвінаЎ” не толькі набываў кнігі, але тут прадаваліся і яго ўласныя, у тым ліку і апошні раман “Мясцовы час”:

– Кнігарня сталася такой кропкай, дзе людзі, якія жывуць у дыскурсе нацыянальнай культуры і літаратуры, прыходзяць сюды як у вельмі значнае для іх месца, ведаючы, што тут яны знойдуць кнігу, якую шукаюць. І ў гэтай сітуацыі, калі мы мусім падтрымаць кнігарню, падчас флэшмобу, які ладзіўся ў Фэйсбуку, я і напісаў, што выручку ад продажы маіх кніг у гэтай кнігарні я ахвярую на выплату штрафа.

Ахвочыя дапамагчы выратаваць кнігарню ўсю патрэбную інфармацыю знойдуць на старонцы savelohvinau.club. Ужо сабрана 18 тысяч, а патрэбна 63 тысячы ў даляравым эквіваленце – паведамляецца на інтэрнэт-старонцы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя