Працягваецца прыём заявак на конкурс “Басовішча-2015”
На першым этапе, да чэрвеня, абяруць чатыры каманды, якія выступяць на фестывалі 17-га ліпеня. На другім этапе назавуць пераможцу ўсяго конкурсу, які зайграе і на другі дзень – 18-га ліпеня, атрымае грашовую ўзнагароду, гарантаванае месца на “Басовішчы-2016” і ратацыі на нашым Беларускім Радыё Рацыя.
У журы конкурсу ўвайшоў, між іншымі, журналіст, музыка, саўндпрадусар Лукаш Сцепанюк:
– Калісьці мы з Падляшша мелі групу, якая пераварочвала сэрцы маладых людзей, – гэта быў “Кардон”. І я зараз чакаю нечага падобнага. У музычным маштабе гэта не мусіць быць выбітна. Музыкі не мусяць паказваць віртуознасць у карыстанні інструментам. Не цікава, калі гэта будзе нудна для слухача, калі не будзе ў гэтай музыцы ніякіх эмоцый.
Падаць заяўку на конкурс “Басовішча-2015” можна да 15-га траўня. Уся інфармацыя – на старонцы фестывалю ў Facebook. У розныя часы пераможцамі і лаўрэтамі конкурсу былі гурты: “Мясцовы час”, “КальЯн”, Rima, Zero-85, :B:N:, Sciana ды іншыя. Фестываль традыцыйна пройдзе каля мясцовасці Гарадок блізу польска-беларускай мяжы.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя