Працягваецца рэстаўрацыя Ружанскага палаца
Галоўная славутасць Ружан — палац роду Сапегаў. Нездарма ж яго некалi параўноўвалi з Версалем. Гэты велiчны палац сталi рэстаўраваць адным з першых у вобласцi. З той пары, як яго ўключылi ў дзяржаўную праграму «Замкi Беларусi» ў 2008 годзе, у палаца з’явiўся шанц на новае жыццё. За гэты час многае зроблена, адноўлены ўсходнi i заходнi флiгелi, уязная брама. З 2011 года працуе музей. Цяпер работы па аднаўленнi перайшлi ва ўсходнi корпус, дзе некалi былi тэатр i конны манеж.
Будаўнiкi прыйшлi сюды ў жнiўнi мiнулага года. I вось былы прыдворны тэатр набыў абрысы гатовага будынка, такога, як быў пры Сапегах. Тэатр узнiк у той час, калi Ружаны сталi магнацкай рэзiдэнцыяй. У палацы, узведзеным архiтэктарам Янам Бекерам, размясцiлi карцiнную галерэю, адну з найбагацейшых бiблiятэк Еўропы. Для паўнаты культурнага комплексу спатрэбiўся тэатр. Яго адкрылi ў 1765 годзе. Каралi i князi, якiя стаялi на чале дзяржаў, бывалi там гледачамi.
А вось артыстаў набiралi ў асноўным з дзяцей мясцовых сялян, навучалi танцавальнаму, балетнаму, вакальнаму майстэрствам. Навучанне было жорсткае, колькi поту i слёз пралiта на тых падмостках! А тэатр, як сведчаць гiстарычныя крынiцы, быў шыкоўны. Глыбокая сцэна падыходзiла для вялiкiх балетных паказаў i оперных спектакляў. Сем планаў кулiс давалi магчымасць мяняць дэкарацыi падчас дзеi. Па форме зала з двума ярусамi ложаў нагадвала падкову. Як у тэатры Фарнезэ ў iтальянскай Парме, якi, дарэчы, дзейнiчае да гэтай пары. Аднаўленне палаца Сапегаў iдзе па чарцяжах Бекера, што захавалiся. У Ружанах ёсць копii тых чарцяжоў, арыгiналы ж знаходзяцца ў Варшаўскай нацыянальнай бiблiятэцы.
Дырэктар палацавага комплексу Хрысцiна ГЛУШКО марыць пра той час, калi будзе зроблена ўнутранае ўладкаванне, адкрыецца кафэ, абсталююць гасцiнiчныя нумары, з’явiцца шматфункцыянальная зала са сцэнай i пасадачнымi месцамi для тэатральных пастановак i канферэнцый. Час заканчэння работ на гэтым участку не называецца, вядома, што ўсё залежыць ад фiнансавання.
Цiкава, што тэатральны корпус летам пафарбавалi ў ярка-зялёны колер, у той час як сама ўязная брама i флiгелi маюць бледна-алiўкавае адценне. Хрысцiна Глушко растлумачыла, што колер быў атрыманы ў вынiку экспертызы, якая праводзiлася на рэштках колеравага слою. Прынамсi, так сцвярджаюць рэстаўратары. Можа, i праўда, гаспадары некалi такiм чынам рашылi выдзелiць тэатральны корпус. Ну а калi ў вынiку навуковых пошукаў перамогу атрымае iншая гiпотэза, то перафарбаваць будынак не так i складана. Галоўнае, што ён ёсць, набыў свае гiстарычныя абрысы, i турыстам можна расказваць аб высокапрафесiйным тэатры, трупа якога складалася пераважна з прыгонных акцёраў.
Сёння палацавы комплекс — адзiн з найважнейшых турыстычных аб’ектаў краiны, сюды едуць арганiзаваныя экскурсii i асобныя турысты. Музей складаецца з чатырох экспазiцыйных i выставачнай залаў. Працуе сувенiрная крама, дзе прадаюцца вырабы майстроў-рамеснiкаў з керамiкi, льну, саломкi. Папулярнасцю карыстаецца паслуга музейных работнiкаў — урачыстая рэгiстрацыя шлюбу ў непаўторнай гiстарычнай атмасферы.
Летась палац наведалi 20 тысяч турыстаў, сёлета з-за эпiдэмiчнай абстаноўкi лiчба будзе меншая. Але, як заўважае Хрысцiна Глушко, значна больш беларусаў паехалi глядзець гэтую славутасць сем’ямi. А калi аднаўленне велiчнага палаца працягваецца, значыць, iнтарэс турыстаў будзе ўзрастаць.