Праваслаўныя святкуюць Пакроў Прасвятой Багародзіцы



На Піншчыне Пакроў Прасвятой Багародзіцы з’яўляецца прастольным святам у найвялікшай вёсцы раёну – Пінкавічах. Храм у гонар Багародзіцы пабудаваны яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай і з’яўляецца адным са старэйшых на Палессі. З ім звязаныя лёсы беларускага песняра Якуба Коласа,  мастака Язэпа Драздовіча ды амерыканскай даследніцы Луізы Бойд.

Пакроў Прасвятой Багародзіцы адзначаецца з Х-га стагоддзя. Свята звязанае з цудам, якое адбылося ў канстанцінопальскай царкве падчас вайны Візантыі з азіяцкімі антыхрыстамі. Вернікі маліліся ва Улахернскай царкве, нагадаў гісторыю айцец Міхаіл:

– Усе сабраліся ў нядзельны дзень у храме і старанна маліліся Маці Божай, каб яна явіла сваё заступніцтва. У храме знаходзілася рыза Багародзіцы, пояс. Усе звярнуліся да Божай Маці па дапамогу, каб яна абараніла горад ад разарэння. Святы блажэнны Андрэй убачыў, як над Царскай брамай з’явілася Божая Маці, якая на каленях маліла Госпада Ісуса Хрыста, каб той явіў сваю ласку і абараніў горад.

Для праваслаўных вернікаў Пакроў Прасвятой Багародзіцы лічыцца адным з Вялікіх свят ды мае нерухомы дзень святкавання – 14 кастрычніка.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя