Праваслаўныя вернікі адзначаюць Уздзвіжанне Святога Крыжа



Праваслаўныя вернікі адзначаюць Уздзвіжанне Святога Крыжа. Яно адносіцца да ліку 12 важнейшых царкоўных святаў, але гэта адзінае, якое не звязанае з падзеямі зямнога жыцця Хрыста і Багародзіцы. Лічыцца, што ў 326 годзе ў ходзе адмысловай экспедыцыі царыца Алена, маці імператара Візантыі, знайшла Крыж, на якім быў распяты Ісус.

“Да гэтай падзеі рэліквія явілася імператару Кастанціну Вялікаму, які і адправіў маці на пошукі”, адзначае святар Міхаіл Лабковіч:

– У гэтым свяце адлюстраваныя падзеі, калі яшчэ няверуючы імператар Канстанцін, імператар Візантыйскай імперыі, падчас вайны ўбачыў у небе знак крыжа і быў голас: “пераможаш”. З гэтага моманту ён пачаў шукаць, даведвацца пра хрысціянства.

Жадаю вам не цяжкага, а лёгкага нашэння крыжа па жыцці, бо жыццё кожнага чалавека – гэта той жа крыж, які чалавек павінен несці да самай Галгофы. І няхай будзе нам Госпад у дапамогу.

Па народнай традыцыі ў гэты дзень прынята было збіраць розныя лекавыя расліны, і лічылася, што яны валодаюць асаблівай гаючай сілай. Імі ўпрыгожвалі Распяцце, а потым лячылі розныя хваробы. Таксама запрашалі да хаты святароў, якія чыталі ахоўныя малітвы для дома і будучага ўраджаю.

Беларускае Радыё Рацыя