Праваслаўныя вернікі адзначаюць Яблычны Спас
19 жніўня Праваслаўная царква адзначае адно з вялікіх 12-ці гадавых святаў – Прэабражэнне Гасподняе, званае таксама ў народнай традыцыі “Яблычным Спасам”.
Свята было ўстаноўлена ў IV стагоддзі ў памяць падзеі на гары Фавор, апісанай двума евангелістамі (Мацв. 17, 1-13; Лук. 9, 28-36), атаксамаў 2-мЛісцеапосталаПятра (1, 16-18). Прэабражэнне Гасподняе належыць да вялікіх нерухомых святаў у гонар Ісуса Хрыста. Прэабражэнне мела месца пасля заяўлення самога Хрыста пра Свае пакуты, смерць і ўваскрэсенне (Лук. 9, 22). „Пасля шасці дзён Ісус узяў Пятра, Якуба і Яана і ўзвёў іх на гару… І адмяніўся перад імі, і заззяла аблічча Ягонае, як сонца, і адзенне ж Ягонае стала белае, бы святло… І вось паказваліся ім Майсей ды Ілля ў гутарцы з Ім… Пётр сказаў Ісусу: добра нам тут быць… І калі ён яшчэ гаварыў, вось светлае воблака ахінула іх і голас з воблака мовіў: «Гэта Сын Мой, Якога Я ўпадабаў — Яго слухайце»”.
Гэтым самым напярэдадні Сваіх Пакутаў і Уваскрэсення гэты цуд павінен быў падбадзёрыць і ўмацаваць у веры апосталаў. Ён быў таксама апавяшчэннем канчатковых часоў і паўторнага Прыходу Хрыста ў Славе. Хаця Прэабражэнне мела месца незадоўга да Вялікай Пятніцы, Айцы Царквы перанеслі свята на сорак дзён перад святам Узвіжання Крыжа Гасподняга, каб яно не прыпадала на час Вялікага Посту.
У трапары свята гаворыцца: „Адмяніўшыся на гары, Хрысце Божа, Ты паказаў вучням Тваім славу Сваю наколькі яны маглі бачыць яе, хай заззяе і нам грэшным прадвечнае святло Тваё, дзякуючы малітвам Багародзіцы, слава Табе”. У каноне падкрэсліваецца, што выбраныя апосталы маглі толькі часткова прыняць Аб’яўленне на гары Фавор. Незважаючы на гэта, Прэабражэнне здзейсніла іхную ўнутраную перамену, умацавала ў веры і часткова адкрыла тайну Трохадзінага Бога. На свята Прэабражэння адбываецца асвячэнне садавіны, у прыватнасці яблык, адсюль і народны назоў свята «Яблычны Спас».
На Падляшшчы Прэабражэнне Гасподняе адзначаецца асабліва ўрачыста на Святой Гары Грабарцы, дзе сёлета выстаўленыя для пакланення прывезеныя з Афона мошчы Святой Роўнаапостальнай Марыі Магдаліны і частка Крыжа Гасподняга.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя
Фота spasvoznes.ru