Прэм’ер Беларусі, які не рызыкнуў стаць дыктатарам
З нагоды 98-й гадавіны абвяшчэння Нацыянальнай Дзяржаўнасці нельга не ўзгадаць выбітнага палітыка, прэм’ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі Рамана Скірмунта (1868-1939). Ягонае імя без перабольшання асацыюецца са свабодаю і незалежнасцю Беларусі.
Постаць Скірмунта паступова выходзіць з цені мінулага, нават з цяжкасцямі і ў гэтым няма нічога дзіўнага. Асобы, якія ўяўляюць сабой не адзінку ў гісторыі, а частку нацыянальнага падмурка заўжды патрабуюць глыбокага асэнсавання. Раман Скірмунт не факт з колішняга жыцця, а рэальнасць. Сваімі ўчынкамі, развагамі ды тэорыямі ён забяспечыў сабе доўгае жыццё. А нам, нашчадкам, ёсць чым ганарыцца, ёсць з каго браць прыклад і працягваць справу.
Шматгранная, загадкавая, ўнікальная, так гісторыкі характарызуюць постаць Рамана Аляксандравіча. Нехта нават прызнаецца, што няздольны адказаць на ўсе пытанні па яго лёсу, так бы мовіць раскрыць таямніцы Скірмунта. Але не ўсё кепска. Гарадзенскі гісторык Алесь Смалянчук мае выдаць кнігу па жыцці і дзейнасці палітыка, каб пазнаёміць сучаснікаў з выбітным сынам Беларусі. Дарэчы, гэта будзе першае выданне поўнай біяграфіі прэм’ер-міністра БНР. Добры падарунак да 150 годдзя…
У 98-ю гадавіну БНР узгадаем некалькі цікавых фактаў пра Рамана Скірмунта.
Мецэнат, фундатар нацыянальнага руху
Ва ўласным маёнтку Парэчча, цяпер вёска Парэчча Пінскага раёна, арганізаваў аўтобусны рэйс да Пінска, праклаў дарогу, праводзіў сельскагаспадарчыя ярмаркі для заахвочвання сялян, на якой, дарэчы, адзін з трох яго забойцаў аднойчы выйграў прыз. Выдаваў сялянам будаўнічы матэрыял на хаты ды сельскагаспадарчыя пабудовы, аказваў дапамогу пацярпелым у выніку пажару або іншага бедства. Пры яго фабрыцы пабудавана 4 дамы на 90 кватэр і 4 інтэрната для несемейных. Аплачваў харчаванне, арэнду жылля, паслугі доктара ды шпіталь на 12 месцаў. Для дзяцей рабочых трымаў бясплатнае вучылішча, дзе навучалі грамаце і ткацтву. Пабудаваў у вёсцы каталіцкі касцёл Сэрца Езуса (на жаль, не захаваўся), і праваслаўны храм Раства Багародзіцы. Заклаў парк у англійскім стылі, сюды ён звазіў дрэвы і хмызнякі з Еўропы, ЗША, Расеі ды Канады. Цяпер парк уяўляе сабой – унікальны помнік прыроды.
Аказваў падтрымку беларускім выданням і нацыянальным арганізацыям, як “Наша Ніва” ды БСГ. У беларускага руху бракавала ўплывовых асоб, якія маглі прафінансаваць дзейнасць, мерапрыемствы. Скірмунт у гэтым плане быў самадастатковы, што вельмі важна для палітыка. Ён меў магчымасці дзейнічаць ды не з’яўляцца марыянеткай у чыіхсьці руках.
Раман Скірмунт (1868-1939)
Палітык не слова, а справы
Палітычная кар’ера Скірмунта на момант абвяшчэння БНР з’яўлялася бадай самай багатай: дэпутат Дзяржаўнай Думы, чалец Дзяржаўнага Савета, адзін з лідараў руху “краёўцаў” ды аграрыяў, узначальваў Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, старшыня Беларускай партыі народных сацыялістаў і гэты спіс магчыма доўга працягваць. Галоўнае, што на ўсіх пасадах, ва ўсіх статусах ён праявіў сябе годна, прафесійна.
Пра што сведчыць Вінцэнт Гадлеўскі:
“Палітыцы ён быў адданы целам і душою, не шкадаваў для яе ні фізічных, ні маральных трудоў… Чалавек, бясспрэчна, з вялікай духовай культурай, шырокім светапоглядам, Скірмунт належаў у тыя часы да групы тых рэдкіх абшарнікаў Беларусі, для каторых беларускі селянін быў бліжайшы за селяніна, а нават шляхціца з этнаграфічнай Польшчы і каторыя пачуваліся да нейкай і маральнай, і фізічнай сувязі з народам беларускім. Выступленні Скірмунта на беларускіх сходах выдзяляліся і зместам і формай. Яны былі заўсёды высокапатрыятычныя з беларускага пункту гледжання і часам нават проста рэвалюцыйныя, што выклікала ў прысутных буру воплескаў”.
Раман Скірмунт у атачэнні вяскоўцаў, верагодней у чаканні пінскага біскупа Казіміра Букрабы, другая палова 1930-х гадоў.
Збіральнік этнічных зямель, а Беларусь аграрная дзяржава
Скірмунт лічыў неабходным аб’яднаць у межах новаўтворанай Беларускай Дзяржавы ўсе этнічныя землі, імкнуўся пабудаваць квітнеючую аграрную рэспубліку Еўропы. Выступаў супраць радыкальнай ломкі, меў намер зрабіць з беларускага селяніна адказнага гаспадара на ўласнай зямлі. Меў кансерватыўныя погляды разумеючы патрэбу ў сацыяльных зменах і адносінах паміж сялянствам і заможным класам.
Дарэчы, як піша гісторык Станіслаў Рудовіч: “спадзяваўся прыцягнуць германскі капітал і тэхніку для асушэння Палесся, што, на яго думку, паспрыяла б хуткаму развіццю жывёлагадоўлі і дазволіла б нават ажыццяўляць вытворчасць кармоў на экспарт”.
У прафісіяналізме Скірмунта на аграрнай ніве не выпадае сумнявацца. Па-першае: паходзіў з роду буйных землеўладальнікаў ды ад 20-ці год займаўся развіццём бацькоўскіх прадпрыемстваў. Па-другое: працяглы час працаваў у сельскагаспадарчым таварыстве, уваходзіў у зямельныя камісіі ў расейскай Думе. Меў канкрэтны план, як і па ўсім пытанням.
Носьбіт ВкЛ і Рэчы Паспалітай
А кім жа сам адчуваў сябе? Недзе ёсць звесткі, што “паляк”, а недзе ледзь не просты мужык. Дык кім ён быў? Адказаў уласна: “Я сам ураджэнец беларускага Палесся, нашчадак літоўскай сям’і, са старажытных часоў, спакон вякоў аселай у гэтым краі, і мае продкі да 17 ст. карысталіся беларускай мовай як хатняй”. Так Скірмунт прамовіў у 1917 годзе. Дарэчы пра нацыянальнасць шмат ягоных разваг і бачна, што ён усвядамляў сувязь з Вялікім княствам Літоўскім, Рэччу Паспалітай, Палессем. Гэта не “каша з кашалота”, а шчырая адказнасць перад продкамі. Ён, як і мы цяперашнія, нашчадак вялікіх дзяржаў. Пэўна вось такое разуменне дае добрую прышчэпку не быць рабом, змагацца і дасягаць мэты.
Раман Скірмунт на прыёме ў прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага, сярэдзіна 1930-х гадоў.
Беларусы маюць правы
За год да абвяшчэння БНР, у красавіку 1917 года адбылася знакавая падзея. Упершыню афіцыйна ўладным колам Расеі, ўжо праўда не царскай – выбухнула Лютаўская рэвалюцыя, было выказана, што беларусы маюць нацыянальна-палітычныя інтарэсы. Адпаведную заяву на стол кіраўніка Часовага Ураду Расеі паклаў старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК) Раман Скімунт. Тады беларусы патрабавалі аўтаноміі, легімітізацыі нацыянальна-дэмакратычнага руху, падзеі разгортваліся вельмі хутка і да канца 1917-га года ўсё кардынальна памянялася.
Дзень нацыянальнага значка
“На вуліцах горада прадаваліся значкі нацыянальных колераў Беларусі – чырвонага з белым. Упершыню забытая мова забытай беларускай вёскі дамінавала ўсюды: на вуліцах, у кавярнях, кінематографах”, – так прэса перадавала пра Дзень беларускага значка ў Мeнску, які 12 сакавіка 1917 года правёў Раман Скірмунт. Гісторык Станіслаў Рудовіч піша: “цэнтральнай падзеяй акцыі стаў шматлюдны беларускі мітынг пад старшынствам Рамана Скірмунта ў кінатэатры “Гігант”.
Дарога праз Парэчанскі парк да сельскагаспадарчых пабудоў Скірмунта, красавік 2015 год.
Тэлеграма ў Нямеччыну
Супраць Скірмунта выкарыстоўваюць тэлеграму, якую за ягоным подпісам у красавіку 1918 года атрымаў нямецкі імператар Вільгельм. У тэлеграме між іншым “выказвалася падзяка за вызваленне краю ад чужога ўціску і анархіі ды прасіла (Рада БНР – аўт.) падтрымкі ў справе ўмацавання цэльнай і непадзельнай Беларусі”. Няма нічога дзіўнага, цалкам абгрунтаваны прагматычны крок сапраўднага палітыка.
Па-першае: паўнапраўнага расейскага ўрада не было. Да каго звяртацца? Да “чырвонай” Масквы або да Юдзеніча з Дзянікіным, якія ўсе разам і чуць пра вольны беларускі край не хацелі. Па-другое: Нямеччына па стане на вясну 1918 года была самай моцнай дзяржавай Еўропы, а як вядома Скірмунт са сваімі паплечнікамі не адрываў Беларусь ад еўрапейскай цывілізацыі.
Ёсць і трэцяе, што даводзяць гісторыкі: “дзяржава, якая ўвязалася ў 1914 годзе ў самазабойчую вайну з немцамі, запаланіўшую і беларускую зямлю, – імперыя Раманавых – не з’яўлялася для Р.Скірмунта Радзімай у поўным сэнсе гэтага слова. Яна таксама была заваёўнікам, “заборцам” яго гістарычнай радзімы Вялікага Княства Літоўскага. Тым больш не магла стаць для яго Радзімай імперыя бальшавікоў, якіх ён не выбіраў і якім не прысягаў, але якія пачалі бязлітасна разбураць вякамі асвечаны парадак у яго родным краі”.
Рэшткі пабудоў прадпрыемства Скірмунта, красавік 2015 год.
Чаму ўрад Скірмунта байкатавалі левыя
Даследчыкі БНР называюць супрацьстаянне паміж правым і левым крылом Рады БНР адным з галоўных чыннікаў паразы праекту першай Беларускай Дзяржаўнасці. Скірмунт не падзяляў сацыялістычнага рамантызму, ён быў кансерватар, правы, які верыў у традыцыі, гісторыю. Разам з тым гатовы на рэформы, але зразумела, што на паслядоўныя. Левыя – гэта пераважна прадстаўнікі беларускага сялянства альбо сярэдні клас – інтэлегенцыя. Людзі без практыкі ў палітыцы, але з разуменнем неабходнасці справядлівасці, роўнасці, свабод. Аніякага саюзу ў такіх варунках быць не можа. Нехта павінен перамагчы. Перамаглі левыя, бо іх большасць, але большасць, як вядома, не значыць якасць. Так сталася і з Радаю БНР.
Ставіць у віну Скірмунту яго правую пазіцыю нельга. Тут хучэй трэба паразважаць над пытаннем: “Чаму Скірмунт, маючы рэсурс не ўзброіў некалькі сотняў беларусаў альбо ўвогуле замежных наёмнікаў? Не пагнаў левых па кутках?!”. Такая магчымасць была. Аўтар гэтых радкоў гатовы паставіць прэм’ер-міністру ў віну тое, што ён не стаў дыктатарам БНР, як таго вымагаў час. Але ў гісторыі, не бывае але…
Дзяржаўнік не пайшоў на крок да аўтарытарызма і вось што атрымаў па ўспамінам Зміцера Жылуновіча:
“Каб сапхнуць яго з пасады старшыні кабінету беларускіх міністраў. Чаго-чаго яны ні рабілі! Крычалі на засяданнях Рады, стукалі кулакамі па сталу, ахвяравалі сябе на арышт, грозячы ім ад Скірмунта. А за спіною Рады нават строілі згаворы з губернскімі і павятовымі земствамі, у якіх усе члены варожа глядзяць не толькі на нацыянальнае пытанне, пастаўленае ў парадку другіх важных пытанняў расейскаю рэвалюцыяй, але выступаюць і супраціў сацыяльна-палітычнага пытання. З процілеглага флангу супраць кабінета Р.Скірмунта павялі атаку правыя велікарускія шавіністы на чале з менскім архіярэем”.
Праблема і ў тым, што левае крыло Рады БНР усё ж азіралася на ленінскую Маскву з надзеяй. Ды і трэба разумець – Беларуская Народная Рэспубліка з сацыялістычнымі прынцыпамі краінам Еўропы і Захаду была не патрэбна! Таму і не было такой зацікаўленасці, як да той жа Польшчы альбо Украіны.
Усё, што засталося ад сельскагаспадарчых пабудоў у Парэччы, красавік 2015 год.
Знакамітае палескае “А шо?”
Жыхары вёскі Парэчча сцвярджалі, што Скірмунт гутарыў з імі па-мясцоваму. Раман Аляксандравіч валодаў нямецкай, польскай, расейскай ды зразумела беларускай мовамі.
“Скірмунт добра ўладаў беларускай мовай, але трохі з палескім акцэнтам: “шо, шчо”, – з успамінаў Вінцэнта Гадлеўскага.
Тры магілы прэм’ер-міністра БНР
Ва ўзгаданым Парэчча, на ўскраіне парку створанага нашым героем, знаходзіцца адразу дзве магілы. Яны ў двух-чатырох метрах амаль паралельна адзін аднаму. Як так можа быць? Справа ў тым, што Скірмунта расстралялі не далёка ад вёскі па дарозе ў Пінск, там жа забойцы – мясцовыя прыхільнікі бальшавікоў – прыкапаць цела. Удзячныя сяляне, якія не змаглі выратаваць жыццё, наважыліся пад страхам смерці на перапахаванне. Ноччу цела Рамана Аляксандравіча перавезлі ў парк і пахавалі. На тым месцы паставілі вялічэзны драўляны крыж. Ён у паваленым выглядзе захаваўся да 1992 года. Старажылы паказалі пінскім краязнаўцам і грамадзе магілу, у падрабязнасцях распавялі пра кастрычніцкую трагедыю 1939 года. Рэшткі драўлянага крыжа прыбралі і ўсталявалі металічны крыж, ён захаваўся да гэтага часу. Гэта магіла не толькі Рамана, але і забітага разам з ім Баляслава, мужа сястры Халены.
Аднак у пачатку 2000-х з’явіўся драўляны крыж з таблічкай “Раман Скірмунт (1868-1939)” на месцы пагорка ў некалькіх метрах ад паказанай старажыламі магілы. Па другой версіі, сяляне паспелі зрабіць склеп для Рамана Аляксандравіча. Узгорак – таму сведчанне.
Цяжка паверыць у тое, што хтосьці ўначы будаваў склеп, ды і часу на гэта патрабуецца значна больш, чым выкапаць магілу. Тое, што склеп на тым месцы можа быць, – цалкам верагодна, але пахаваны там не Раман Скірмунт, а яго брат Аляксандр. Ён трагічна загінуў у Варшаве ў 1924-27 гадах. Адна з асноўных версій – самагубства з-за картачных даўгоў. Гэтую версію прызналі ў сям’і Скірмунтаў. А так як сям’я была набажнай, то размовы пра пахаванне самазабойцы ў радавым склепе і весціся не магло. Таму Раман, як чалавек свецкі, прыняў рашэнне пахаваць брата ў парку, пабудаваўшы склеп.
Хтосьці лічыць, што Рамана Скірмунта перапахавалі пад “цюльпанавай дрэвам” у парку. Да нашых дзён захавалася адно з шасці пасаджаных экзатычных дрэў. Сама версія больш падобная на міт. Прыгожая гісторыя, мае права на існаванне, але нічога ў пацвярджэнне няма.
Цукровы завод Скірмунта, красавік 2015 год.
Чаму не збег увосень 1939 года
Ягонае жыццё – адказ на пытанне. Як толькі ў верасьні 1939 года Чырвоная Армія пачала паход у Заходнюю Беларусь, яго папярэджвалі, што будзе бяда. Кажуць, ён не верыў і паўтараў: “У жыцці не зрабіў нікому нічога дрэннага …”, а вось народная прымаўка кажа наступнае: “Не рабі дабра – не атрымаеш зла”. Скірмунт 72 гады пражыў на сваёй зямлі, са сваімі людзьмі, ніколі не бег. Ня баяўся ў Першую Сусветную, Польска-Савецкую, у Грамадзянскую вайну, заўсёды быў першым, не хаваўся за спіны людзей. Нашто бегчы?
Прэм’ер-міністра расстралялі мясцовыя прыхільнікі бальшавізму ў кастрычніку 1939 года.
Можа падасца бяздушным, але лепей так, чым згуба ў Сібіры ці дзесьці ў НКУСаўскіх засценках. Нават не ведалі б дзе, а так маем дакладнае месца пахавання, якое з’яўляецца сімвалам.
На Піншчыне ад 1992 года існуе традыцыя – штогод 25 сакавіка (дзень абвяшчэння БНР) і 25 красавіка (дзень нараджэння палітыка) удзячныя нашчадкі наведваюць парк Скірмунта, каб ўшанаваць яго памяць. Ідучы да магілы, гледзячы на прыгажосць створаную ўласнымі рукамі слыннага беларуса, разважаеш над пытаннем: “Што такое заслугі перад Радзімай?”.
Магіла Рамана Скірмунта (1868-1939), красавік 2015 год.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя