Прэм’ера фільма «Жонка наглядчыка заапарка» ў беларускай агучцы
7 снежня а 19:00 у Менску ў кінатэатры Velcom Cinema (Silverscreen) у залі VOKA (вул. Пятра Мсціслаўца 11, ТРЦ Dana Mall, 3 паверх) адбудзецца прэм’ера фільма «Жонка наглядчыка заапарка» у беларускай агучцы.
У стужцы прадстаўлена рэальная гісторыя адважнага подзвігу наглядчыкаў Варшаўскага заапарка Яна і Антаніны Жабінскіх, якія захавалі жыццё больш як 300 габрэям у годы Халакосту. Падчас акупацыі Польшчы Жабінскія ў заапарку і сваёй віле далі прытулак габрэям, уцекачам з варшаўскага гета. Пасля Другой Cусветнай вайны Жабінскія атрымалі званне праведнікаў народаў свету.
Фільм з’яўляецца экранізацыяй кнігі, якая была напісана на падставе дзённіка Антаніны Жабінскай. Рэжысёр кінастужкі – Нікі Каро.
У галоўных ролях: намінантка на прэмію «Оскар» Джэсіка Чэстэйн (зорка фільмаў «Інтэрстэллар» і «Марсіянін») і Даніэль Бруль («Капітан Амерыка», «Гудбай Ленін», «Бясслаўныя вырадкі»).
На беларускую мову фільм агучаны ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Менску і кампаніі velcom. Ролі агучвалі: актрысы Ганна Хітрык і Святлана Цімохіна, тэлевядучыя Яўген Перлін і Сяргей Жбанкоў, акцёры Алесь Малчанаў і Зміцер Саладуха.
Паказы фільма ў Менску пройдуць 8, 9 і 10 снежня ў кінатэатры «Масква».
Таксама паказ плануецца ў Берасці 13 снежня ў кінатэатры «Беларусь».
Беларускае Радыё Рацыя