Прэм’ера фільма “Шляхам паўстанцаў”
У Менску, у Арт-Сядзібе, адбылася прэзентацыя дакументальнага фільму пра паўстанне Кастуся Каліноўскага. У фільме бяруць удзел беларускія гісторыкі і пісьменнікі, сярод якіх Алесь Смалянчук, Уладзімір Арлоў, Адам Мальдзіс, Аляксандр Краўцэвіч, Алег Радзюк. Рэжысёр фільму Павел Доўнар падкрэслівае вызначальную ролю паўстання 1863 года і асабіста Кастуся Каліноўскага ў нашай гісторыі:
– Кастусь Каліноўскі – гэта адзін з самых галоўных нацыянальных героеў Беларусі. І без гэтага паўстання магчыма сёння не было б Беларусі. Гэтае паўстанне адбілася ў памяці людзей. Зразумела, калі твае сваякі ідуць змагацца, то гэта не проста так. Далей я лічу, што тая ж беларусізацыя пачатку ХХ стагоддзя, паўстанне – адзін з крокаў да яе, і адзін з крокаў да сённяшняй Беларусі, якая ёсць. І мы павінны далей рабіць наступныя крокі – каб нашая дзяржава была не проста незалежнай на паперы, а моцнай і незалежнай на самой справе.
Фільм ужо ёсць у вольным доступе на Youtube. Разам з фільмам быў прэзентаваны новы саўндтрэк Вінсэнта, прысвечаны Кастусю Каліноўскаму.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя