Стартуе 34-ты фестываль „Менская вясна”
Прэм’ера музычнага спектакля „Плошча Якуба Коласа” стане адным з галоўных мерапрыемстваў 34-га фестывалю „Менская вясна”, які пройдзе з 12 красавіка па 19 траўня.
Адкрыецца фестываль 12 красавіка канцэртам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі з удзелам маладога піяніста з Кітая Джэ Юэн, а дзень 13 красавіка будзе адзначаны прэм’ерай – упершыню прагучыць музычны спектакль „Плошча Якуба Коласа” сучаснага кампазітара Ларысы Сімаковіч. Гэты твор напісаны да 135-годдзя з дня нараджэння беларускага песняра. У спектаклі заняты актрысы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра Янкі Купалы Святлана Зелянкоўская і Святлана Анікей, салістка Вялікага тэатра Беларусі Дзіяна Трыфанава, Мінскі струнны квартэт.
На сцэне Белдзяржфілармоніі 19 красавіка адбудзецца канцэрт-адкрыццё I Міжнароднай акадэміі аркестравага мастацтва. Публіка пачуе выступленне салістаў-духавікоў з лепшых аркестраў свету ў суправаджэнні Студэнцкага сімфанічнага аркестра Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Андрэя Галанава.
Травеньская частка „Менскай вясны” будзе прысвечана юбілеям вядомых музыкантаў: 8 траўня пройдзе юбілейны вечар мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі Яўгена Бушкова, а 15 траўня – заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Юрыя Гільдзюка. Юрый Гільдзюк адзначае ў траўні сваё 70-годдзе і 35 гадоў сваёй дзейнасці на пасадзе мастацкага кіраўніка Белдзяржфілармоніі.
Завяршальным акордам фестывалю стане канцэрт фартэпіяннай музыкі 19 траўня. Гледачоў чакае выступленне піяністаў Андрэя Паначэўскага і Кірыла Кедука.