Прэм’ера оперы „Саламея” ў Менску сарваная з-за ліста праваслаўных вернікаў
Прэм`ера оперы „Саламея” ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь, якая павінна была адбыцца 9—10 верасня, перанесеная. Адкрыццё тэатральнага сезона ў Вялікім пераносіцца на 11 верасня. Пра гэта паведаміў 6 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка.
Паводле яго слоў, перанос звязаны з адкрытым лістом групы праваслаўных грамадзян на імя кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, генпракурора, членаў „святога сінода Беларускага экзархата Маскоўскага патрыярхату Рускай праваслаўнай царквы”.
Тэкст ліста апублікаваны на сайце odigitria.by.
Прэм`ера называецца ў лісце „чарговым блюзнерствам пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь”. „Дэталёва вывучыўшы ў электронных энцыклапедыях і іншых крыніцах інфармацыі сутнасць скандалаў вакол оперы „Саламея” ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя”, аўтары ліста прыйшлі да высновы, што пастаноўка гэтай оперы з`яўляецца: „блюзнерствам”; „здзекам з памяці Хрысціцеля Іаана, дзёрзкай антыхрысціянскай, антыцаркоўнай (антыклерыкальнай) дзеяй, якая парушае рашэнне многіх хрысціянскіх канфесій забараніць выводзіць на сцэну біблейскіх персанажаў”; „абразай рэлігійных пачуццяў вернікаў”, а таксама „крымінальным злачынствам, якое змяшчаюць прыкметы арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці)”.
Аўтары ліста перакананыя, што прэм`ера і далейшы паказ оперы „павінны быць неадкладна забароненыя”, бо „Саламея” — гэта „дзёрзкі выклік хрысціянам Беларусі і пагроза духоўнай бяспецы дзяржавы”. У лісце апроч іншага змяшчаецца просьба да генпракурора „распачаць у дачыненні да галоўнага рэжысёра Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Міхаіла Панджавідзэ крымінальную справу па арт. 130”.
Варта адзначыць, што пастаноўка „Саламеі” была ўхваленая Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па прадухіленні парнаграфіі, насілля і жорсткасці, а таксама мастсаветам Міністэрства культуры па музычным мастацтве. Аб прэм`еры оперы быў праінфармаваны кіраўнік БПЦ мітрапаліт Павел.
Рэжысёр-пастаноўшчык оперы „Саламея” Міхаіл Панджавідзэ з`яўляецца ўладальнікам медаля Францыска Скарыны.
Як паведаміла БелаПАН вядучы рэдактар службы маркетынгу, інфармацыі і рэкламы Вялікага тэатра Алена Балабановіч, прэм`ера оперы „Саламея” ў Вялікім тэатры Беларусі перанесеная з 9 і 10 верасня на 18 і 19 кастрычніка адпаведна. Усе білеты сапраўдныя. Абвешчаны раней паказ спектакля „Саламея” на 14 кастрычніка пераносіцца на 20 кастрычніка.