Прэм’ера спектакля, які выкрывае чыноўнікаў
У Слонімскім драматычным тэатры адбылася здача новага спектакля “Мудрамер” па п’есе беларускага драматурга Мікалая Матукоўскага. Паставіў сатырычную камедыю галоўны рэжысёр тэатра Васіль Сявец.
У камедыі “Мудрамер” расказваецца пра вынаходніка-энтузіяста Мікалая Мурашку, ролю якога цудоўна сыграў артыст Уладзімір Навумік. Ён сканструяваў прыбор, які вымярае інтэлектуальныя здольнасці чалавека, вызначае, хто разумны, а хто дурны. Калі ў крэсла з рычагом-падгалоўнікам садзіцца таленавіты чалавек, то гучыць арыя князя Ігара, калі дурань — льюцца журботныя гукі паланеза Агінскага…
У час апрабацыі вынаходніцтва выказваюцца розныя погляды на практычнае выкарыстанне мудрамера. Супраць укаранення прыбора ў вытворчасць больш за ўсё выступае намеснік міністра па пярэчаннях Тамара Папсуева (артыстка Вікторыя Міхальчык), у вобразе якой аўтар і артыстка высмеялі чалавечую недалёкасць, абмежаванасць.
Наогул жа п’еса Мікалая Матукоўскага і спектакль слонімскіх артыстаў выкрываюць чыноўнікаў і функцыянераў, якія, запаланіўшы міністэрствы, перашкаджаюць тэхнічнаму і духоўнаму развіццю нашага грамадства.
Першыя прэм’ерныя паказы спектакля “Мудрамер” слонімцы паглядзяць ужо ў суботу і ў нядзелю 24 і 25 ліпеня.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара