Прэм’ера ў Йашкар-Але і аўтограф Алеся Адамовіча
Трыццаць год назад на сцэне Марыйскага нацыянальнага тэатра імя М.Шкетана быў пастаўлены спектакль на п’есе на той час маладога беларускага драматурга Васіля Ткачова “Кветкі-ягадкі” (сённяшняя назва “Курорт для зяця”). А заўважыў гэтую камедыю на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэтра імя Якуба Коласа акцёр і драматург з Йашкар-Алы Васіль Гарохаў, ён і папрасіў у беларускага аўтара дазвол на пастаноўку. Яна неўзабаве ўбачыла святло рампы ў ягоным перакладзе.
А два гады назад тэатр імя М.Шкетана зацікавіўся камедыяй “Без Ягора будзе гора” Васіля Ткачова, якая з поспехам ідзе на сцэне славутага тэтра.
І вось – новая сустрэча з беларускім драматургам. На днях тут адбылася прэм’ера спектакля “Дзень анёла”. Яго, як і “Без Ягора будзе гора”, паставіў народны артыст Рэспублікі Мары Эл Васіль Домрачаў. Ён, дарэчы, у свой час рэгулярна здымаўся ў кіно. З найбольш вядомых фільмаў варта адзначыць “Ідзі і глядзі” Э.Клімава (Паліцай), “Асаблівасці нацыянальнай рыбалкі” (Пракурор) А.Рагожкіна, “Кар’ер” (Паліцай) А.Рыбарава і ў іншых. З асаблівай цеплынёй узгадвае ён здымкі на “Беларусьфільме” і падзяліўся з Васілём Ткачовым сканам аўтографа, якія пакінуў яму на памяць пісьменнік Алесь Адамовіч у час працы над кінафільмам “Ідзі і глядзі”, які быў пастаўлены па ягоным сцэнарыі.
Што ж да прэм’ернага спектакля “Дзень анёла”, то выканаўца галоўнай ролі – бабы Машы – народная артыстка Рэспублікі Мары Эл Святлана Гладышава ад імя акцёраў падзякавала аўтара за добрую п’есу і выдатную ролю, якую ёй давялося выконваць.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Сцэны са спектакля “Дзень анёла” і аўтограф Алеся Адамовіча