Прэм’ера ў „Ляльцы”: пра смех і душу, якую нельга прадаваць



У першы вечар новага сезону віцебскі тэатр “Лялька” запрасіў гледачоў на пастаноўку паводле аповесці нямецкага пісьменніка Джэймса Круса “Цім Талер або прададзены смех”.

Спектакль паставіў Міхась Клімчук, а інсцэніроўку для лялечнай сцэны зрабіла вядомая маладая літаратарка Вольга Прусак.

Яна піша п’есы для дарослых на складаныя сучасныя тэмы, і праца ў новым фармаце стала яе першым досведам.

– Міхась Клімчук аднойчы прыйшоў і сказаў: “Мой сын чытае такі твор цікавы, давай паспрабуем нешта зрабіць!”Я памятаю таксама гэты твор са школьнай праграмы, і кажу: “Так, гэта добра, гэта клас!” Проста мне прыйшлося шмат чаго адкінуць і знайсці галоўную лінію, адкідваючы ўсё лішняе.

Аповесць, якая стала асновай для спектакля “Лялькі Ціма Талера або прададзены смех”, школьнікі чытаюць у 6-й класе па-расейску. У “Ляльцы” гісторыю пра хлопчыка, які прадаў свой смех за сумнёўныя выгоды, а потым пашкадаваў пра гэта, паказваюць па-беларуску.

На думку загадчыцы літаратурна-драматычнай часткі тэатру Людмілы Сіманёнак, гэтая пастаноўка адрасаваная сучасным падлеткам:

– Гэта для іх такая падрыхтоўка, папярэджанне, што іх можа чакаць у жыцці. Там разглядаецца адвечная тэма: чалавек, які прадае душу д’яблу. Смех – гэта менавіта душа. Вось гэты выбар паміж сапраўдным і несапраўдным актуальны менавіта для падлеткаў.

Прэм’ера прайшла пры поўным аншлагу. У тэатры спадзяюцца, што на наступныя паказы гэтага спектакля абавязкова прыйдуць віцебскія школьнікі разам са сваімі настаўнікамі. Бо лялечны тэатр, насуперак устойліваму меркаванню, гэта відовішча не абавязкова для малечы “ ад 3-х да 5-ці”. І ў рэпертуары віцебскай “Лялькі” ёсць шмат спектакляў і для старэйшых школьнікаў, і для дарослых.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя