Прэм’еру „Жыццё і смерць Янкі Купалы” прадставіць Беларускі музычны тэатр
Спектакль „Жыццё і смерць Янкі Купалы” прадставіць 28 і 29 чэрвеня Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр.
Прэм’ерны спектакль „Жыццё і смерць Янкі Купалы” – музычная драма-версія Анатоля Дзялендзіка і Алега Хадоскі, створаная па матывах кнігі Паўліны Мядзёлкі „Сцежкамі жыцця” на лібрэта Анатоля Зэкава. Ідэя стварэння спектакля належыць дырэктару тэатра Аляксандру Пятровічу і мастацкаму кіраўніку Адаму Мурзічу.
Майстры музычнага тэатра Беларусі ўпершыню звярнуліся да тэмы жыцця і смерці Янкі Купалы, у біяграфіі якога дагэтуль мноства загадак і таямніц. Гэты спектакль – даніна павагі вялікаму беларускаму паэту. Аўтары і рэжысёр-пастаноўшчык спектакля правялі сур’ёзную падрыхтоўчую работу: размаўлялі з работнікамі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, працавалі з дакументамі, якія ў ім захоўваюцца.
У складзе пастановачнай групы: рэжысёр-пастаноўшчык – заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл Кавальчык; дырыжор-пастаноўшчык – лаўрэат міжнароднага конкурсу, галоўны дырыжор Юрый Галяс; мастак-пастаноўшчык – Ілья Падкапаеў; балетмайстар-пастаноўшчык – Наталля Фурман; кіраўнік сцэнічнага ансамбля салістаў – Ігар Баканаў.
У спектаклі будуць задзейнічаны артысты: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Сердзюкоў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Сяргей Суцько, Віктар Цыркуновіч, Вольга Жалезкая, Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова, Кацярына Дзегцярова, дыпламанты міжнародных конкурсаў Ганна Бяляева, Аляксандр Асіпец, артысты тэатра Сяргей Кілеса, Андрэй Асімовіч, Сяргей Жараў, Станіслаў Гелда, Аляксандр Міцкевіч, Руслан Сякацкі, Мікіта Якімовіч, Сяргей Якушэнка, Яўген Далідовіч, Раман Грыцаў.