Прэмія «Героі году» на 15-годдзе парталу TuzinFM
12 снежня ў прасторы Lo-Fi Customs партал TuzinFM справіць 15-годдзе сваёй дзейнасці і ўзнагародзіць адкрыццё і найлепшы гурт гэтага году.
Па традыцыі 12 снежня партал TuzinFM.by узнагароджвае адкрыццё году ў беларускай музыцы і найлепшы гурт ды адзначае дзень народзінаў.
Сёлета музычнаму парталу спаўняецца 15 гадоў.
TuzinFM.by («Тузін Гітоў») стартаваў у 2003 годзе з мэтаю прасоўвання беларускай (перадусім беларускамоўнай) музыкі. На старонках парталу можна знайсці інфармацыю пра песні, альбомы і кліпы айчынных выканаўцаў і фірмовыя чарты, якія пастаянна абнаўляюцца. Акром таго партал ініцыюе культурныя праекты. Сярод самых яркіх – «Тузін.Перазагрузка», «Тузін.Немаўля», «Радыё Тузін», «Заспявай», «Belsat Music Live», «(Не)расстраляныя» ды іншыя.
«За гэты час самастойна і разам з партнёрамі мы рэалізавалі каля 30 праектаў, прэзентавалі тысячы песень, ролікаў і альбомаў, зладзілі незлічоную колькасць канцэртаў. Але галоўным вынікам нашай працы лічу тое, што шмат якія выканаўцы з Беларусі і не толькі адкрылі для сябе беларускую мову, беларускую паэзію і беларускую культуру», – кажа кіраўнік парталу Сяргей Будкін.
Штогод у адзін і той жа дзень – 12 снежня – TuzinFM ладзіць асаблівы канцэрт. Апошнія пяць год ён праводзіцца ў фармаце музычнай прэміі, на якой называюцца адкрыццё і найлепшы гурт году на меркаванне рэдакцыі. У розныя часы адкрыццём былі Паліна Рэспубліка, Hurma, Leibonik, Paulinn, Intelligency, Mikita, а найлепшым гуртом абвяшчаліся Akute, Re1ikt, Dzieciuki, «Крамбамбуля», Vuraj, TonqiXod.
Сёлета ў шорт-ліст намінацыі «Адкрыццё году» увайшлі D.Jaza, Nürnberg, Раман Волазнеў, «Няміга», Dee Tree, Loudscage. На тыдні будуць абвешчаныя намінанты на «Найлепшы гурт». Таксама будуць адзначаныя пераможцы ў намінацыях «Песня году», «Альбом году» і «Кліп году». Вядоўцам прэміі будзе Максім Жбанкоў.
Пераможцы ў абодвух намінацыях будуць абвешчаныя на партале TuzinFM.by 1 снежня. Менавіта яны выступіць з жывым сэтам на 15-годзьдзі «Тузіна» 12 снежня ў прасторы Lo-Fi Customs, што на на наберажнай ракі Свіслач (вул.Кастрычніцкая 16/3, пад’езд з надпісам «Dvor», другі паверх).
Квіткі на вечарыну «Героі году» ужо ў продажы.
Паводле прэс-рэлізу