Прэмія імя Веслава Казанэцкага сёлета трапіла да Пятра Нэстэровіча (абноўлена)
Пётр Нэстэровіч стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі прэзідэнта Беластока імя Веслава Казанэцкага. Журы адзначыла яго за рэпартаж «Цудоўная», які распавядае пра лёс жанчыны з Заблудава пад Беластокам, якой у 1965 годзе з’явілася Божая маці. Як кажа ўзнагароджаны Пётр Нэстэровіч, у кнізе «Цудоўная» ёсць некалькі пластоў:
– Напачатку я думаў, што гэта кніжка пра змаганне камуністычнай улады з цудам і сваімі грамадзянамі. Потым – што гэта адлюстраванне польскай «народнай рэлігійнасці», якая моцна не змянілася за апошнія 50 год. А ў канцы тое, што мяне засмуціла і спалохала – факт, што з’яўленне Божай Маці выклікала столькі адмоўных эмоцый. У самім Заблудаве пасыл Багародзіцы выклікаў адваротны эфект – многа зайздрасці, злосці і паклёпу.
Як адзначае сам Пётр Нэстэровіч, у літаратуру ён прыйшоў даволі нядаўна, раней займаўся бізнесам. На Падляшша прыехаў у пошуках сямейных каранёў.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
6 сакавіка ў беластоцкім Цэнтры імя Людвіка Заменгофа было агучана імя чарговага лаўрэата літаратурнай прэміі прэзідэнта Беластока імя Веслава Казанэцкага. Ім стаў малады пісьменнік Пётр Нэстэровіч.
Сёлета ў капітулу літпрэміі было пададзена на разгляд каля 30 кніг. У фінальны шорт-ліст трапіла толькі тры – зборнік вершаў “Рэчы паспалітыя” Тэрэсы Радзевіч, раман “Сонька” Ігнацыя Карповіча і дакументальная кніга “Цудоўная” Пятра Нэстэровіча.
Прэмію ўручыў сам прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі.
Літаратурная прэмія імя Веслава Казанэцкага ўручалася ў 24-ы раз. Прэмія прысуджаецца аўтарам, якія жывуць на Падляшшы, нарадзіліся тут, або іх творчасць звязаная з гісторыяй горада і рэгіёна.
[Not a valid template]
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.