Прэмія Rock Profi: як музыкі ацанілі музыкаў



26 траўня ў менскім клубе іlі прайшло ўручэнне прэміі Rock Profi. Гэта адзіная альтэрнатыўная музычная прэмія ў Беларусі, у якасці журы якой выступаюць самі музыкі, якія абіраюць лепшых у пяці намінацыях.

„Больш за пяцьдзесят чальцоў журы гэтым годам ацэньвала творчасць сваіх калегаў”, – адзначае мэнэджэр прэміі Хрысціна Дарапей:

” Галоўная мэта – даць музыкам выказацца. Таму што ёсць шэраг музычных прэмій, дзе ёсць экспертная рада, якая вызначае найлепшых, але не заўсёды гэтыя эксперты самі ствараюць музыку. Музыкі ж ведаюць аспекты запісу, стварэння твору і мусяць таксама мець права голасу і мець права выказацца. Штогод вызначаецца таксама і гурт, які атрымоўвае спецыяльную ўзнагароду – „За ўнёсак у беларускую музыку”. Прэтэндэнтаў на гэтую намінацыю вызначаюць сябры журы. У розныя часы ў гэтай намінацыі былі ўзнагароджаныя N.R.M., Крама, Троіца і шэраг іншых гуртоў.

Спецыяльную намінацыю „За ўнёсак у беларускую музыку” сёлета атрымаў гурт з амаль трыццацігадовай гісторыяй Neuro Dubel. Пасля атрымання ўзнагароды лідар гурта Аляксандр Кулінковіч выказаў меркаванне, што адносіны да беларускага рока ў нашай краіне змяніліся, найбольш людзі слухаюць замежных выканаўцаў. „Чалавеку, каб стаць знакавым тут трэба кудысьці з’ехаць, а пасля вярнуцца. Давайце любіць і слухаць сваё ” – заклікаў ён.

А абсалютным лідарам па колькасці ўзнагарод стаў гурт Петля пристрастия . Яны былі абраныя адразу ў чатырох намінацыях – „Лепшы альбом”, „Лепшы запіс”, „Лепшая песня” і „Артыст года”.

Кажа ўдзельнік гурта „Петля пристрастия”, Ілля Чарапко:

Мы дастаткова спецыфічны гурт, прынамсі для сяброў з заходняга боку мяжы. Мяне асабіста гэта засмучае, таму што мы ўвесь час хацелі рабіць музыку, якая пры наяўнасці нейкіх сваіх спецыфічных рэгіянальных якасцяў была б у рэчышчы міжнароднай музычнай індустрыі. Але гэтыя гарызонты ёсць куды пашыраць, ёсць пра што думаць”.

„Дэбютам года” стала метал-трыа з Менску Nebulae Come Sweet .

Сёлета прэмія Rock Profi праводзіцца пяты раз. Яе заснавальнікі Зміцер Безкаравайны (experty.by) ды Павал Юрцэвіч (клуб ili).

Цалкам гутарка з арганізатарамі і пераможцамі ў далучаным файле:

 

 

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара